Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Хрысціянскае сёння: гісторыя аднаго юрыста, які вывучае рэлігійны турызм
Рознае
19.04.2016 15:15

Зараз шмат хто з беларусаў атрымлівае адукацыю: першую ці другую, або павышае навуковую ступень за мяжой. Па самых розных накірунках. Некаторых цікавіць тэалагічная адукацыя — як і Вольгу Чыкун з Беларусі, якая з’яўляецца студэнткай Папскага ўніверсітэта імя Яна Паўла ІІ у Кракаве.

Вольга вывучала юрыдычныя навукі, атрымліваючы вышэйшую адукацыю ў Мінску, потым працавала па гэтай спецыяльнасці, актыўна дабіраючы практыкаю дадатковыя веды і вопыт. Разам з тым Вольга была вельмі актыўнай у каталіцкім моладзевым жыцці.

«І хто з каталіцкай беларускай моладзі яшчэ не ведае альбо не чуў пра гэтую ўсмешлівую дзяўчыну, якая на кожнае пытанне і тэму мае сваё меркаванне, свой адказ?» — так і карціць часамі запытаць, калі яшчэ раз зазіраеш у агністыя вочы Вольгі Чыкун.

У гэты раз я сустрэла яе агністы позірк і неабсяжную энергію ў гістарычнай сталіцы Польшчы — Кракаве. На дадзены момант ужо дасведчаны юрыст атрымлівае тут другую адукацыю, вучачыся ў Папскім кракаўскім універсітэце імя Яна Паўла ІІ.

Нарэшце яе інтарэс да Касцёла і хрысціянскага жыцця стаў не толькі захапленнем і патрэбаю сэрца і душы, але таксама пачаў афармляцца ў прафесійным кірунку. У Папскім універсітэце Вольга вучыцца на накірунку — рэлігійнага турызму, а ў наступным годзе плануе дадаць і накірунак агульнай тэалогіі.

Чаму вучоба менавіта ў гэтым універсітэце?

Вольга: «Я абірала паміж Папскім універсітэтам імя Яна Паўла ІІ у Кракаве і Каталіцкім універсітэтам у Любліне. Аднак спецыяльнасці рэлігійнага турызму ў Любліне не было, таму выбар быў зроблены на карысць Кракава».

Вольга падзялілася, што частку яе актыўнага каталіцкага жыцця складалі рэлігійныя пілігрымкі ў розныя кропкі свету. Яна была пастаяннай удзельніцай сустрэч «Тэзэ», Сусветных дзён моладзі.

Вольга дадае, што хацела б яшчэ больш ведаць пра тыя магчымасці рэлігійных падарожжаў, якімі б магла карыстацца моладзь, каб спазнаваць іншыя народы, іншыя культуры, матэрыяльныя і духоўныя набыткі ў сферы хрысціянства.

Наконт тэалагічнай адукацыі Вольга адзначыла, што, яшчэ вучачыся ў Беларусі, адчувала патрэбу ў тэалагічных ведах, якія зараз у дастатковым памеры можа атрымліваць у якасці другой спецыяльнасці.

«Для мяне тэалогіі не можа быць зашмат!» — кажа Вольга, дадаючы, што некаторыя студэнты часамі скардзяцца на «перабор» і складанасць тэм.

Працуючы ў Беларусі, Вольга разглядала той выпадак, што можа пачаць атрымліваць адукацыю ў тэалагічных каледжах, якіх у нашай краіне на сёння два: Катэхетычны каледж імя Зыгмунта Лазінскага ў Баранавічах і Тэалагічны каледж імя святога Яна Хрысціцеля ў Мінску.

«Але на дадзеным этапе свайго жыцця я вырашыла, што хачу рабіць штосьці адно, а не разрывацца паміж працай і вучобай, і абрала вучобу за мяжой», — кажа студэнтка.

Матываваў Ян Павел ІІ

Перад тым, як паехаць вучыцца ў Польшчу, Вольга пачала вучыць польскую мову. На той момант ёй было 23 гады, і сваё вывучэнне суседскай мовы яна пачала з чытання і перакладу цытат св. Яна Паўла ІІ:

«У вывучэнні мовы мяне матываваў Папа Ян Павел ІІ!» — кажа дзяўчына. Можа быць, яго асоба была і яшчэ адным са штуршкоў да таго, каб вучыцца ў Кракаве і ваколіцах, якія родныя і блізкія сучаснаму святому, натхняльніку многіх беларусаў.

Хадзіць вуліцамі, дзе ён вучыўся, дзе ён думаў пра лёс свайго народа і пра Касцёл, дзе даваў прыклад надзеі і мужнасці для многіх маладых людзей. Кракаў заўсёды быў горадам студэнтаў, людзей, якім ствараць будучыню і якім на пачатку свайго Пантыфікату Ян Павел ІІ сказаў: «Не бойцеся!» — словы, што для многіх сталі дэвізам на ўсё жыццё.

Ксёндз Мацей Астроўскі, які выкладае ў Папскім універсітэце імя Яна Паўла ІІ і перад заняткамі якога, як падзялілася Вольга, «студэнты заўсёды распачынаюць з малітвы», быў асабіста знаёмы з будучым Папам.

Ксёндз Мацей Астроўскі

«Калі я быў семінарыстам, то часамі мы ездзілі з ім на лыжах. Ён добра ездзіў. А потым з яго рук я атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне», — распавёў кс. Мацей Астроўскі.

Кракаў жыве светлай памяццю пра Яна Паўла ІІ.

— Вольга, а што трэба было здаваць, каб стаць студэнткай універсітэта?

— Трэба было падрыхтаваць толькі пераклад атэстата на польскую мову з апастылем. А яшчэ я мела Карту паляка, якая таксама спрасціла мне паступленне.

— Якім чынам выглядае студэнцкае жыццё? Ці ёсць любімыя дысцыпліны?

— Мой любімы прадмет — гісторыя Касцёла, чаго мне вельмі не хапала ў Беларусі. Мне б вельмі хацелася, каб у навучанні студэнтаў у нашай краіне таксама ўвялі тэалогію. Таксама я люблю патралогію, якая дапаўняе гісторыю Касцёла.

Вельмі важным у нашай спецыяльнасці рэлігійнага турызму з'яўляецца практыка — «пілатаж», падчас якога мы вучымся, як праводзіць экскурсіі, як працаваць з групай, як хутка рэагаваць у складаных і самых розных непрадбачаных сітуацыях, што дапамагае нам гартавацца і стаць больш упэўненымі потым.

— Кракаў — горад студэнтаў, да якіх з боку Касцёла існуе моцная ўвага і апякунства. Скажы, што для цябе азначае «душпастырства моладзі» і ці знайшла ты сабе супольнасць, да якой і зараз належыш?

— Для мяне з самага пачатку было важным гэта пытанне — знайсці супольнасць, якая б стала часткай майго студэнцкага жыцця. У Беларусі я належала да моладзі, якой апекаваліся айцы капуцыны, а пазней да моладзі, якой апекаваліся айцы аблаты, таму, прыехаўшы ў Кракаў, знайшла сябе зноў у супольнасці айцоў капуцынаў, дзе праводзіўся курс «Альфа».

Спачатку я была ў такой групе ў якасці ўдзельніка, а потым сама стала праводзіць групу, якая звычайна складаецца з 10-15 чалавек.

— Як выглядае звычайны дзень студэнта?

— Пачынаючы з ранішняй пары, якая можа перарывацца так званым «акном», якое запаўняеш працай у бібліятэцы, праходзіць навучальны дзень з шэрагам лекцый, а потым ён дапаўняецца ўдзелам у Імшы, сустрэчах з моладдзю альбо наведваннем трэнажорнай залы.

Акрамя таго, у студэнтаў рэлігійнага турызму запланаваны розныя паездкі і наведванні, якія тычацца непасрэдна іх спецыяльнасці і тых культурных і рэлігійных аб'ектаў, якія складаюць частку іх вучобы і будучай працы.

Вольга разам з беларускімі сяброўкамі ў Кракаве

Дадому, у Бягомль, дзе жывуць зараз яе бацькі, Вольга Чыкун прыязджае на Божае Нараджэнне і Вялікдзень, а таксама падчас летніх канікул.

«Не баяцца» і адкрывацца на новае

Разважаючы пра сваю вучобу і тое, што адкрывае для яе іншая краіна, іншы погляд на жыццё, іншы жыццёвы вопыт, Вольга заклікае тых, хто яшчэ сумняецца, але ў каго ёсць думкі аб пашырэнні сваіх гарызонтаў праз адукацыю, «не баяцца», а дзейнічаць, ісці.

Калі ж хтосьці вырашыць вучыцца ў тым жа Папскім універсітэце імя Яна Паўла ІІ у Кракаве, то, як дадае Вольга, варта пацікавіцца факультэтамі і абраць свой: філасофіі, тэалогіі ці сацыяльных навук.


Размаўляла Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Рознае

31.05 11:34«Падарожжа дылетанта» ў вёску Раготна — беларускі Парыж шляхцічаў Завішаў
19.01 14:10Запісам калыханкі «Ціхая ноч» звычайныя матулі павіншавалі беларусаў з Божым Нараджэннем
17.01 10:59«Калядныя вечары на Залатой Горцы»: запіс канцэрта «Духоўныя традыцыйныя песні беларусаў»
08.01 06:58Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Заканчэнне
06.01 00:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Сёмая адвэнтавая антыфона
25.12 06:15Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Пятая адвэнтавая антыфона
18.12 06:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Чацвёртая адвэнтавая антыфона
11.12 06:02Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Трэцяя адвэнтавая антыфона
06.12 09:43Перадкалядная акцыя місіі «Чыстае сэрца»: святы Мікалай дасылае віншаванні дзецям
04.12 07:09Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Другая адвэнтавая антыфона