Ліст на ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету ад супольнасці Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску |
Рознае |
19.11.2016 22:45 |
Урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету ў Касцёле на Беларусі з’яўляецца асаблівым днём малітвы за клерыкаў і ўсіх пакліканых да Божай службы. Гэта таксама дзень збору ахвяраванняў на патрэбы духоўнай семінарыі. З гэтай нагоды семінарыйная супольнасць звяртаецца да вернікаў з лістом падзякі. Паважаны Ксёндз Пробашч! Дарагія вернікі! Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Урачыстасць Хрыста Валадара Сусвету ў Касцёле на Беларусі з’яўляецца асаблівым днём малітвы за клерыкаў і ўсіх пакліканых да Божай службы. Гэта таксама дзень збору ахвяраванняў на патрэбы духоўнай семінарыі. Ужо стала добрым звычаем, што менавіта ў гэты дзень супольнасць студэнтаў і фарматараў Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску наведвае парафіі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, Пінскай і Віцебскай дыяцэзій, каб непасрэдна сустрэцца з кожнай парафіяльнай супольнасцю і выказаць словы глыбокай удзячнасці за духоўныя і матэрыяльныя дары для гэтай фармацыйнай установы, дзе ўзрастаюць у ласцы паклікання будучыя святары. У сувязі з тым, што мы не маем фізічнай магчымасці наведаць усе парафіяльныя супольнасці, каб асабіста падзякаваць кожнаму пробашчу і кожнаму верніку за малітву і ахвяру, хочам праз гэты ліст звярнуцца да Вас са словамі глыбокай удзячнасці за Вашы незлічоныя духоўныя дары і матэрыяльную падтрымку, а таксама паабяцаць вам нашу штодзённую малітоўную памяць. Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Пінску рыхтуе будучых святароў для трох дыяцэзій на Беларусі: Мінска-Магілёўскай, Віцебскай і Пінскай. Яна ўтрымліваецца выключна з ахвяраванняў вернікаў. Ад моманту заснавання Слугой Божым біскупам Зыгмунтам Лазінскім у 1925 г. гэтая духоўная навучальная ўстанова мае ўжо 91 год, хаця фармацыйнай пляцоўкай сцены семінарыі як найстарэйшага з захаваных на Беларусі каталіцкіх кляштараў служылі ад XIV стагоддзя. У 1939 г. дзейнасць семінарыі была перарваная спачатку з-за ваенных ліхалеццяў, а пасля па прычыне ваюючага атэізму. Аднак фармацыйная праца не спынялася. Выхаваўцы і выпускнікі нашай семінарыі здолелі пацвердзіць сваю пастырскую адданасць Богу, Касцёлу і святарскаму пакліканню ахвярна працуючы аж да праліцця крыві і аддаючы жыццё за Хрыста, як гэта адбылося з першым рэктарам семінарыі ксяндзом Вітальдам Івіцкім, які паўтарыў мучаніцкі подзвіг святога Максімільяна Кольбэ. Семінарыя ў Пінску выхавала вялікіх сыноў нашага Касцёла, такіх як благаслаўлёны ксёндз Мечыслаў Багаткевіч, Слуга Божы ксёндз Аляксандр Зянкевіч, Сведка веры Кардынал Казімір Свёнтэк, а таксама шматлікіх іншых ахвярных пастыраў. У гэтым годзе мы таксама ўзгадваем святой памяці ксяндза інфулата Вацлава Пянткоўскага, які 25 год таму адышоў у вечнасць. Пасля заканчэння нашай духоўнай семінарыі і абароны доктарскай дысертацыі ў Рыме ў канцы 1930-х ён служыў у ёй віцэ-рэктарам. У часы атэістычных пераследаў, пасля вызвалення са сталінскіх лагераў, ён быў пробашчам у Мядзведзічах (каля Баранавічаў) і ў адсутнасці біскупа кіраваў Пінскай дыяцэзіяй. Ксёндз Пянткоўскі здолеў нават у часы ганенняў аднавіць і працягнуць традыцыі нашай семінарыі, рыхтуючы да святарства наступнае пакаленне душпастыраў, з якіх двое сёння нясуць біскупскае служэнне. Сёлета мы дзякуем Пану Богу за 15 год адраджэння духоўнай семінарыі ў Пінску ў якасці міждыяцэзіяльнай. Бог у сваіх спрадвечных намерах даў ласку аднаму з апошніх перадваенных выхаванцаў семінарыі – Казіміру Свёнтэку стаць кардыналам, архіпастырам, які пасля падзення атэістычнай сістэмы адраджаў Касцёл на Беларусі і сваю родную “Alma Mater” у Пінску. У 2001 годзе семінарыя была нанава адчынена, каб рыхтаваць святароў для трох нашых дыяцэзій. Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара Сусвету мы дзякуем кожнаму верніку і душпастыру за малітву і ахвярнасць дзеля падрыхтоўкі будучых святароў. Таксама просім надалей аб падтрымцы, каб праз нашыя сумесныя намаганні, малітву, добразычлівае слова і канкрэтныя добрыя ўчынкі Міждыяцэзіяльная вышэйшая духоўная семінарыя ў Пінску магла як найлепш працягваць выкананне сваёй адказнай місіі ў падрыхтоўцы будучых пастыраў нашага Касцёла. Няхай Хрыстус Валадар, Бог Вялікі і Міласэрны (Эф 2, 4-5), адорыць кожнага з вас шчодрым благаслаўленнем і ласкай. З глыбокай удзячнасцю і дарам малітвы ад імя супольнасці Міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя святога Тамаша Аквінскага ў Пінску Ксёндз Андрэй Рылка, Рэктар Пінск, 16 лістапада 2016 г. |