Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Уводзіны
Рознае
25.11.2016 13:26

Сардэчна вітаем усіх на адвэнтавых рэкалекцыях, падрыхтаваных айцамі езуітамі. Кожныя рэкалекцыі даюць шанец адысці, аддаліцца ад штодзённай напружанасці, малітоўна паразважаць над станам сваіх адносінаў з Богам, з людзьмі і са светам, у якім мы жывём. Перыяд Адвэнту, калі мы рыхтуемся да свята Божага Нараджэння, з’яўляецца цудоўнай магчымасцю заглыбіцца ў разважанні такога роду.

У гэтым годзе мы засяродзімся на сямі адвэнтавых антыфонах, якія традыцыйна выкарыстоўваюцца ў чаканні Езуса, які прыходзіць, каб пасяліцца сярод нас. Іншымі словамі, гэта сем спосабаў выразіць Езуса, апісаць Яго. Іх можна знайсці ў Літургіі гадзінаў у вячэрніх малітвах, прызначаных на сем апошніх дзён Адвэнту, непасрэдна перад малітвай Magnificat. Іх паходжанне можна прасачыць да прароцтваў Ісаі, які кажа аб надыходзячым Месіі.

Мы будзем адводзіць дастаткова часу на кожную антыфону, даследуючы па чарзе адну з іх падчас штотыднёвага разважання. Гэта павінна даць нам магчымасць па-сапраўднаму скарыстаць з багацця кожнай антыфоны. Так выглядаюць назвы разважанняў адпаведна вышэйзгаданым антыфонам:

  • О, Мудрасць
  • О, Пан
  • О, корань Есэя
  • О, ключ Давіда
  • О, Усход
  • О, Валадар народаў
  • О, Эммануэль

Ці не прыгадваюцца вам словы спеву «Прыйдзі, прыйдзі, Эммануэль», які мы чуем падчас кожнага Адвэнту? Але ж мала хто з нас задумваўся, што тэкст гэтай песні апісвае паходжанне і характар Езуса. Рэкалекцыі, якія прапануюцца ў гэтым годзе, дапамогуць увайсці ў кожную антыфону з новымі вачыма і вушамі, каб пачуць тое, што Пан хоча сказаць.

Пачынаючы гэтае адвэнтавае падарожжа, задумаемся, якім чынам наступныя некалькі тыдняў павінны наблізіць нас да Езуса:

  • Што я спадзяюся атрымаць ад гэтых рэкалекцый?
  • Якім я бачу Езуса зараз?
  • Што б я расказаў пра Езуса, калі б нехта спытаўся ў мяне пра Яго?
  • Як я звяртаюся да Езуса?

 

Практычныя заўвагі

Пачнем з некаторых практычных падказак, якія могуць дапамагчы тым, хто не ўдзельнічаў раней у рэкалекцыях такога кшталту, або нагадаюць некаторыя моманты тым, хто ўжо з імі знаёмы. Зробім мы гэта ў трох накірунках: як, калі і што.

Толькі адно пытанне датычыць «як»: як шмат часу ты мяркуеш прысвяціць кожнай малітве-разважанню? Найлепш вырашыць гэтае пытанне загадзя і паспрабаваць прытрымлівацца яго. Не здавайся адразу, як толькі малітва падасца крыху сумнай, але і не зацягвай доўга, калі з’явіцца ўражанне, што яна ідзе вельмі добра. Матэрыял, прадстаўлены ў кожным з разважанняў, разлічаны на 20-25 хвілін, але ты можаш, па жаданні, прызначыць больш часу, каб падрыхтаваць сябе да малітвы і/альбо застацца ў цішыні пасля яе. Проста трэба выбраць час, які ты ў стане змясціць у сваю паўсядзённую руціну.

Каб вызначыць «дзе», падумай спачатку, які час сутак табе найлепш падыходзіць для засяроджаных разважанняў: раніца, вечар або перапынак на працягу дня? Адказ на гэтае пытанне прапануе наступнае: дзе табе будзе прасцей і лепш за ўсё маліцца такім чынам?

Нарэшце, каб зразумець «што», спытай сябе, дзеля чаго ты ўсё гэта робіш. Якія дары і ласкі ты маеш надзею атрымаць ад Бога падчас малітвы? Вельмі важна ўсведамляць свае прагненні, просьбы, інтэнцыі яшчэ да пачатку малітвы.

Дастаткова выдаткаваць некаторы час, каб адказаць на гэтыя пытанні, — і ты будзеш гатовы распачаць малітоўны час разважанняў над антыфонамі.

Калі ты прыступаеш да чытання, проста ўсведамляй прысутнасць Бога, які запрашае цябе на сустрэчу з Ім, а таксама памятай пра ўсіх іншых людзей па ўсім свеце, якія моляцца гэтымі разважаннямі плячо ў плячо з табой.

a Адвэнтавыя рэкалекцыі падрыхтаваны айцамі езуітамі для шматмоўнага сайта «Прастора малітвы» (facebook.com). Пераклад на беларускую мову і апрацоўка тэкстаў — Тэрэса Клімовіч.

Гл. таксама Адвэнт на Catholic.by: рэкалекцыі з ігнацыянскімі разважаннямі.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Рознае

31.05 11:34«Падарожжа дылетанта» ў вёску Раготна — беларускі Парыж шляхцічаў Завішаў
19.01 14:10Запісам калыханкі «Ціхая ноч» звычайныя матулі павіншавалі беларусаў з Божым Нараджэннем
17.01 10:59«Калядныя вечары на Залатой Горцы»: запіс канцэрта «Духоўныя традыцыйныя песні беларусаў»
08.01 06:58Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Заканчэнне
06.01 00:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Сёмая адвэнтавая антыфона
25.12 06:15Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Пятая адвэнтавая антыфона
18.12 06:00Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Чацвёртая адвэнтавая антыфона
11.12 06:02Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Трэцяя адвэнтавая антыфона
06.12 09:43Перадкалядная акцыя місіі «Чыстае сэрца»: святы Мікалай дасылае віншаванні дзецям
04.12 07:09Рэкалекцыі на Catholic.by з ігнацыянскімі разважаннямі. Другая адвэнтавая антыфона