Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ad limina — дзень чацвёрты
Канферэнцыя Біскупаў
16.12.2009 12:21

Чацвёрты дзень візіту ad limina каталіцкіх біскупаў Беларусі ў Апостальскую Сталіцу, 15 снежня 2009 г., распачаўся прыватнай святой Імшой, якую беларускія іерархі цэлебравалі ў Доме рымскіх святароў (Domus Romana sacerdotalis).

У гэты дзень біскупы Беларусі наведалі Кангрэгацыю Веравучэння. Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі гэтага ватыканскага ведамства тэмай абмеркавання стала традыцыйнасць веры на Беларусі, якая дапамагла ў часы пераследу не толькі захаваць яе, але і перадаць новым пакаленням. Прадстаўнікі Кангрэгацыі Веравучэння з задавальненнем прынялі навіну аб тым, што ўсе энцыклікі Яна Паўла ІІ і Бэнэдыкта XVI былі перакладзены на беларускую мову, а таксама былі перакладзены і выдадзены дакументы ІІ Ватыканскага Сабору. Радаснай навіной стала і тое, што ў хуткім часе выйдуць у друк Кампендыумы катэхізіса і сацыяльнага вучэння Каталіцкага Касцёла. Разам з тым кіраўніцтва кангрэгацыі выказала занепакоенасць значнай колькасцю разводаў і абортаў у нашай краіне, а таксама станоўчым стаўленнем да штучнага апладнення, што пярэчыць дактрыне Каталіцкага Касцёла. Было таксама выказана пажаданне павялічыць інтэнсіўнасць працы па падрыхтоўцы новых выкладчыкаў для духоўных семінарый у Беларусі і фармацыі святароў.

Таксама ў чацвёрты дзень візіту ad limina беларускія іерархі наведалі Кангрэгацыю па справах Біскупаў. Кіраўніцтва кангрэгацыі выказала сваю ўдзячнасць беларускім католікам за іх вернасць Хрысту ў цяжкія для веры часы і за тое, што было здзейснена пасля атрымання свабоды веравызнання. Было выказана пажаданне развіваць адукацыю ў семінарыях і пастырства пакліканняў, а таксама ствараць новыя магчымасці для душпастырскага служэння.

Затым адбылася сустрэча іерархаў Беларусі з прадстаўнікамі Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў. Кіраўніцтва кангрэгацыі атрымала магчымасць падрабязна пазнаёміцца з жыццём Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі і выказала свае пажаданні аб яе развіцці ў цесным супрацоўніцтве з Касцёлам лацінскага абраду.

Пасля абеду біскупы наведалі Папскую раду па справах свецкіх і Папскую раду па справах сям’і. У першым з ведамстваў былі прадстаўлены ініцыятывы Касцёла ў Беларусі па фармацыі свецкіх. Падчас сустрэчы было падкрэслена, што Касцёл у нашай краіне сёння знаходзіцца на пераходным этапе ад абароны веры да пошуку новых шляхоў да чалавека ў сучасных абставінах. Як было адзначана, Касцёл ужо здаў экзамен ва ўмовах несвабоды, а зараз настаў час яго канфрантацыі з негатыўнымі з’явамі сённяшняга дня. Галоўным з выклікаў сучаснасці ў адносінах да Касцёла была названа свабода: чалавек абараняе сваё права на свабодны выбар, і вельмі часта — цаною Божага права. Субяседнікі прыйшлі да высновы, што людзей чакае вялікая праца над свабодай, бо свабода — гэта не толькі дар, але і складаная задача. А таму вучыцца свабодзе — значыць фарміраваць чалавечае сумленне, таму што чалавек павінен карыстацца свабодай так, каб змог захаваць адзінства паміж верай і жыццём. Задача Касцёла — весці кожную асобу да сустрэчы з Богам у Хрысце, каб нанава адкрыць прыгажосць быцця хрысціянінам.

Прадстаўніцтва Папскай рады па справах сям’і выказала занепакоенасць няпростай сітуацыяй сям’і ў Беларусі і разам з тым дала станоўчую ацэнку душпастырству сем’яў у нашай краіне, а перш за ўсё — праграме падрыхтоўкі да шлюбу. Было падкрэслена вялікае значэнне таксама пасляшлюбнай працы: існавання суполак маладых сем’яў, сустрэч святароў з сем’ямі, стварэння асацыяцый сем’яў і цэнтраў дапамогі сем’ям. Як было адзначана, сям’і як суб’екту евангелізацыі павінна быць нададзена вялікае значэнне.

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Канферэнцыя Біскупаў

18.03 07:00Пастырскае пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Звеставання Пана 2017
16.03 12:49Пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на дзень «Карытас»
02.03 16:36Паведамленне з 64-га пленарнага (пазачарговага) пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
29.12 11:25Паведамленне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на свята Святой Сям'і
07.12 16:33Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на ўрачыстасць Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі
20.10 10:23Біскуп Яшэўскі прымае ўдзел у кангрэсе ў Рыме
12.10 17:58Паведамленне з 63-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
29.07 03:22Заклік Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі з нагоды распачацця Сусветных дзён моладзі ў Кракаве
25.07 14:25Зварот Старшыні ККББ з нагоды правядзення Агульнабеларускай навэнны да Найсвяцейшай Панны Марыі ў межах падрыхтоўкі да юбілею 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
13.07 11:17Паведамленне Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча пра свята св. Марыі Магдалены