У Каталіцкім Касцёле распачаўся Вялікі тыдзень |
Каляндар |
29.03.2010 15:28 |
28 сакавіка, у Пальмовую нядзелю, у Каталіцкім Касцёле распачаўся Вялікі тыдзень, які папярэднічае велікодным святам. Пальмовая нядзеля рыхтуе Касцёл да перажывання Мукі Хрыста ў літургічных абрадах Святога Пасхальнага Трыдуума — Вялікі чацвер, Вялікая пятніца, Вялікая субота. Святы Пасхальны Трыдуум распачынаецца ў Вялікі чацвер вечарам Імшою Вячэры Пана, якая нагадвае Апошнюю Вячэру Езуса з Апосталамі. У Вялікую пятніцу — дзень смерці Хрыста — цэлебруецца літургія Мукі Пана, цэнтральнай часткай якой з’яўляецца адарацыя святога Крыжа. Вялікая субота — гэта дзень, калі Касцёл прабывае каля Гробу Пана. Святкаванне Вялікадня распачынаецца ўжо ў Пасхальную Вігілію (у ноч з суботы на нядзелю). На світанні адбываецца літургічная цэлебрацыя Нядзелі Змёртвыхпаўстання Пана, якая распачынаецца ўрачыстай працэсіяй з Найсвяцейшым Сакрамэнтам вакол святыні, пасля чаго цэлебруецца ўрачыстая святая Імша, якая называецца рэзурэкцыйнай (лац. resurrectio — уваскрасенне). |