Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Май — месяц Марыі. Маёвыя набажэнствы
Каляндар
01.05.2014 10:57

Месяц май у Каталіцкім Касцёле асаблівым чынам прысвечаны ўшанаванню Найсвяцейшай Панны Марыі. Маёвыя набажэнствы маюць вельмі багатую гісторыю, якая пачынаецца яшчэ ў Егіпце. Ужо ў V стагоддзі хрысціяне (копты) збіраліся на працягу ўсяго месяца мая, каб спяваць песні ў гонар Марыі. Упершыню май быў названы месяцам Марыі ў 1549 г. у Германіі ў кнізе «Май духоўны». У 1814 г. Папа Пій VII выдаў булу, у якой адобрыў практыкаванне маёвых набажэнстваў. Папа заахвоціў праводзіць гэтую малітоўную практыку з выстаўленнем Найсвяцейшага Сакрамэнту. Афіцыйнае папскае адабрэнне маёвых набажэнстваў паспрыяла іх распаўсюджванню ў Касцёле. З часам з’явіўся звычай праводзіць набажэнствы каля прыдарожных каплічак, бо некаторым вернікам было далёка дабірацца да касцёла.

Вельмі важна практыкаваць маёвыя набажэнствы і сёння, запрашаць і заахвочваць іншых, асабліва дзяцей і моладзь, да ўдзелу ў гэтай малітве. Звычайна падчас маёвых набажэнстваў чытаецца або спяваецца Літанія да Найсвяцейшай Панны Марыi (Ларэтанская).

Малітва Марыі

Няшмат напісалі евангелісты на тэму малітвы Марыі. Некалькі радкоў, якія пачынаюцца словамі: «Велічае душа мая Пана...». Безумоўна, Марыя малілася многа, аднак толькі гэтыя словы запісаў евангеліст Лука.

Варта звярнуць увагу на тры аспекты малітвы Марыі: малітва Святым Пісаннем, малітва сваім жыццём, малітва гісторыяй свету.

Малітва Марыі «саткана» з цытатаў са Старога Запавету. Гэта кажа пра тое, што Марыя вельмі добра ведала Святое Пісанне і ўмела маліцца, разважаючы над гэтымі тэкстамі, а ў пабожных асобах, пра якіх апавядалася, бачыла для сябе ўзор, таму паўтарала іх словы.

Другі аспект малітвы Марыі — здольнасць маліцца ўласным жыццём, бачыць у ім Божае дзеянне. Марыя заўважае Бога і дзякуе Яму, што «ўзглянуў на пакору слугі сваёй» і ўчыніў ёй справы вялікія. Прыгожая здольнасць! Бачыць падзеі свайго жыцця як справы Бога, а не выпадковасці, бачыць у іх самога Бога. Хто разумее, што вялікія справы ўчыніў яму Усемагутны, і ўмее за тое дзякаваць Богу, той моліцца на ўзор Марыі.

Марыя, аднак, не абмяжоўваецца толькі асабістай падзякай, асабістымі справамі. Яна бачыць, што Божая міласэрнасць ідзе з пакалення ў пакаленне на тых, хто Яго баіцца. Марыя ведае, што Бог «прыніжае вяльможных, а ўзвышае духоўна заможных», дапамагае бедным і прыніжаным.

Марыя бачыць справы Бога і праслаўляе Яго. Яна бачыць Божае дзеянне ў сваім жыцці, у жыцці свайго народа і ў гісторыі свету.

Прыклад Марыі заахвочвае нас іначай паглядзець на сваё жыццё, каб убачыць у ім і ў гісторыі свету Божае дзеянне, Божую прысутнасць.

Падрыхтаваў кс. доктар Уладзіслаў Мрувка

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.