17 мая — урачыстасць Унебаўшэсця Пана |
Каляндар |
16.05.2012 03:42 |
Сёння, 17 мая, усе хрысціяне адзначаюць урачыстасць Унебаўшэсця Пана.
Хрыстус пасля свайго ўваскрасення неаднаразова аб’яўляўся вучням, а на
саракавы дзень на іх вачах узнёсся на неба з Аліўнай гары. Выраз
«Унебаўшэсце Пана» паходзіць з апісання гэтага факту св. Лукой у Дзеях
Апосталаў (пар. Дз 1, 9–11). Месцам унебаўшэсця Езуса была Аліўная гара. З гэтай гары, дзе распачалася мука Хрыста, узяла пачатак і Яго хвала. Езус наказаў Апосталам не адыходзіць з Ерузалема, але чакаць абяцанага Айцом — спаслання Духа Святога (пар. Дз 1, 4–5). Пасля вяртання з Ерузалема Апосталы «трывалі ў малітве разам з жанчынамі і Марыяй, маці Езуса, і з братамі Ягонымі» (Дз 1, 14). Пан Езус жыў таямніцаю свайго ўнебаўшэсця яшчэ задоўга да яе здзяйснення. Ужо падчас Апошняй Вячэры Хрыстус абвясціў Апосталам аб сваім адыходзе да Нябеснага Айца. Урачыстасць Унебаўшэсця Пана ў часы ранняга хрысціянства звязвалася з таямніцай Спаслання Духа Святога на Апосталаў. Аднак гісторыя літургіі ведае гэтую ўрачыстасць толькі з IV ст. Дні пасля ўрачыстасці Унебаўшэсця Пана рыхтуюць вернікаў да прыняцця Духа Святога: літургічныя чытанні ўтрымліваюць апісанне дадзенага абяцання Айца, у касцёлах моляцца Навэнну да Духа Святога. З алтара прымаецца фігура Хрыста Уваскрослага, застаецца пасхал і крыж з чырвонай стулай. Унебаўшэсце з’яўляецца днём каралеўскай інтранізацыі, трыумфам, які рыхтуе свайму Сыну Бог Айцец. Менавіта таму столькі радасці адчуваецца ў літургічных тэкстах. Унебаўшэсце з’яўляецца і прадвесцем паўторнага прыйсця Хрыста: «Гэты Езус, узяты ад вас на неба, прыйдзе таксама, як вы бачылі Яго, калі Ён узыходзіў на неба» (Дз 1, 11). Хрыстус вярнуўся дзеля канчатковага трыумфу дабра: вярнуўся, каб аддаць свайму Айцу ўсё, каб сабраць усіх і ўсё ў Касцёле. Унебаўшэсце з’яўляецца не толькі апошнім і ўрачыстым трыумфам Езуса з Назарэта, але таксама залогам і гарантыяй узвышэння, узнясення да хвалы чалавечай натуры. Сёння наша хрысціянская вера і надзея ўзмоцнены і зацверджаны, бо мы запрошаны не толькі да таго, каб разважаць над уласнай нязначнасцю, слабасцю і ўбоствам, але таксама над пераменай, якая прыгажэй за саму справу стварэння, «пераменай», якую Хрыстус здзяйсняе ў нас тады, калі мы паяднаны з Ім, дзякуючы ласцы і сакрамэнтам. Варта падкрэсліць, што Пан Езус узышоў на неба не адзін. Ён узяў з сабою ўсе душы з адхлані. Перад сваім уваскрасеннем, калі ўжо не быў у чалавечым целе, Ён зышоў да адхлані і абвясціў ім збаўленне, якое ўжо блізка. Сёння Ён спаўняе абяцанне і з трыумфам уводзіць іх да неба. Таму гэты дзень мае вялікае значэнне для ўсяго чалавецтва. Месца збунтаваўшыхся анёлаў у небе займаюць чалавечыя душы, каб на сканчэнне веку і іх целы маглі ўвайсці да хвалы. |