3 чэрвеня — урачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Пана |
Каляндар |
03.06.2010 12:47 |
Урачыстасць Цела і Крыві Пана, якая па традыцыі адзначаецца ў чацвер пасля ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы, сёлета прыпадае на 3 чэрвеня. У гэты дзень ва ўсіх парафіях Беларусі адбываюцца ўрачыстыя набажэнствы, а таксама эўхарыстычныя працэсіі навокал або ўнутры касцёла. У нядзелю, 6 чэрвеня, з гэтай нагоды адбудзецца працэсія па цэнтральных вуліцах Мінска. Традыцыйна яна распачнецца цэлебрацыяй святой Імшы ў 9.00 каля касцёла Найсвяцейшай Тройцы (св. Роха) на Залатой Горцы (пр. Незалежнасці, 44а). Працэсія, якая сфарміруецца на вуліцы Казлова, пройдзе па тратуары праспекта Незалежнасці, па вуліцах Берсана, Валадарскага, Інтэрнацыянальнай і завершыцца каля архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (пл. Свабоды, 9). Падчас шэсця, якое распачнецца ад касцёла Найсвяцейшай Тройцы прыкладна ў 10.30, прадугледжаны чатыры прыпынкі-стацыі: першая стацыя на плошчы Перамогі, дзе адбудзецца малітва з нагоды 65-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, другая — на Кастрычніцкай плошчы, трэцяя — на плошчы Незалежнасці, чацвёртая — на плошчы Свабоды. Падчас кожнай стацыі манстранцыя з Найсвяцейшым Сакрамэнтам будзе змяшчацца на прыгожа аздобленым троне, падрыхтаваным вернікамі пэўных парафій, будзе чытацца ўрывак з Евангелля, а затым святар прамовіць гамілію. Падчас кожнай стацыі прысутным будзе ўдзяляцца благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Перад заключным благаслаўленнем вернікі праспяваюць гімн «Te Deum» («Цябе, Бога, праслаўляем»), а завершыць урачыстасць спеў гімна «Магутны Божа». У працэсіі прымуць удзел дзеці мінскіх парафій, якія сёлета прынялі Першую святую Камунію, а таксама прадстаўнікі розных малітоўных груп і рухаў. Урачыстасць працэсіі будуць надаваць харугвы і абразы з выявамі святых. Падчас шэсця будзе раздавацца пітная вада. Працэсію будзе суправаджаць машына з гучнагаварыцелем, што дазволіць духавенству і вернікам прымаць актыўны ўдзел у спевах і малітвах. Плануецца, што завершыцца працэсія ў 14.00. Урачыстасць Цела і Крыві Пана, якая адзначаецца на ўспамін таго дня, калі Езус Хрыстус на Апошняй Вячэры ў Вялікі Чацвер устанавіў Эўхарыстыю, была ўстаноўлена ў 1246 г., першапачаткова толькі для дыяцэзіі Льеж (Бельгія). Затым яе святкаванне распаўсюдзілася ў Германіі. А ўжо ў 1264 г. папа Урбан IV булай «Transiturus» устанавіў Божае Цела святам, у якое ўвесь Касцёл складае падзяку Збаўцу за дар Найсвяцейшага Сакрамэнту, у якім Ён сам прабывае са сваім народам. З прычыны смерці папы Урбана IV була была абвешчана ў 1334 г. папам Янам XXII. У 1391 г. папа Баніфацый IX загадаў увесці святкаванне ўрачыстасці Божага Цела паўсюль, дзе яшчэ гэта не практыкавалася. Эўхарыстычныя працэсіі ў дзень Божага Цела былі ўведзены пазней. Першая з іх датуецца 1265–1266 гг. Адбылася працэсія ў Кёльне (Германія), у якой неслі крыж і Найсвяцейшы Сакрамэнт. Паводле старадаўняга звычаю, Эўхарыстыю бралі ў дарогу, каб аберагала падарожных ад усялякай небяспекі. У XV ст. эўхарыстычныя працэсіі як публічнае вызнанне веры адбываліся па ўсёй Германіі, Англіі, Францыі, у паўночнай Італіі і Польшчы. Працэсіі з самага ўзнікнення мелі ўрачысты характар. |