Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сёння ўрачыстасць Аб’яўлення Пана
Каляндар
06.01.2011 01:03
6 студзеня — урачыстасць Аб’яўлення Пана (Тры Каралі). У гэты дзень узгадваем евангельскую падзею пра тое, як тры каралі (мудрацы) пакланіліся Хрысту і склалі яму ў дар золата, ладан і міру. У гэты дзень кожны католік мае абавязак прыняць удзел у святой Імшы.

Урачыстасць Аб’яўлення Пана была вядома на Усходзе яшчэ ў ІІІ ст. Праз 100 год яе пачалі адзначаць і на Захадзе, дзе з цягам часу пачалі называць святам Трох Каралёў.

Евангелле паводле св. Мацвея апавядае пра магаў або, па іншых тлумачэннях, мудрацах з Усходу, якія, ідучы за зоркай, прыбылі ў Бэтлеем, шукаючы нованароджанага юдэйскага караля. Увайшоўшы ў стайню, яны ўбачылі Дзіця і Яго Маці, Марыю; упалі на твар і аддалі Яму пашану. Мудрацы ахвяравалі нованароджанаму Дзіцяці свае дары: золата (сімвал каралеўскай годнасці), кадзіла (як сімвал веры ў Яго як праўдзівага Бога) і міру (як сімвал спаўнення прароцтваў аб прыходзе Месіі).

З урачыстасцю Аб’яўлення Пана звязаны звычай асвячэння золата, крэйды, кадзіла і вады. Асвячонай крэйдай на дзвярах памяшканняў пішуцца літары К+М+В і актуальны год. Гэтыя літары азначаюць ініцыялы трох каралёў. У сярэднявеччы гэта разумелася па-іншаму. Надпіс «С+М+В» (імя Каспар па-лацінску пішацца праз С) выражаў благаслаўленне: «Няхай Хрыстус благаславіць памяшканне!» («Christus mansionem benedicat»).

Урачыстасць Аб’яўлення Пана з’яўляецца выхадным днём у некаторых краінах Еўропы: Германіі, Грэцыі, Іспаніі, Італіі, Аўстрыі, Фінляндыі, а з 2011 г. і ў Польшчы (быў таксама выхадным днём і да 1960 г.).

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.