Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дзень нараджэння Яна Хрысціцеля
Каляндар
24.06.2011 13:43

«Альжбеце ж надышоў час нараджаць, і яна нарадзіла сына. Калі пачулі суседзі і сваякі яе, што Пан учыніў вялікую міласэрнасць сваю да яе, радаваліся разам з ёю» (пар. Лк 1, 57–58).

Постаць святога Яна Хрысціцеля, якога Езус назваў «найбольшым сярод народжаных ад жанчыны», знаходзіцца ў цэнтры гісторыі збаўлення, дзякуючы асаблівай місіі гэтага святога — быць папярэднікам Сына Божага на зямлі. Пра яго гавораць усе евангелісты. Нараджэнне святога Яна было прадказана Арханёлам Габрыэлем яго бацьку, святару Захарыю,

«Ахапіў страх усіх суседзяў іхніх, па ўсёй горнай краіне Юдэі яны расказвалі пра ўсё гэта. Усе, хто чуў, разважалі пра гэта ў сэрцах сваіх і казалі: „Што ж гэта будзе за дзіця?“ Бо рука Пана была з ім» (пар. Лк 1, 65–66).

Ян нарадзіўся на паўгода раней за Хрыста і ў маладым узросце адасобіўся ў юдэйскай пустыні, дзе вёў аскетычнае жыццё. Там ён адчуў пакліканне абвяшчаць набліжэнне Божага Валадарства і пачаў удзяляць хрост пакаяння ў Іярдане. Вакол яго сабралася супольнасць вучняў, да якой спачатку належалі і некаторыя з апосталаў (Андрэй, Ян). Прыняць ад яго хрост прыйшоў сам Езус, і тады Ян, указваючы на Хрыста, сказаў: «Вось Баранак Божы, які бярэ на сябе грахі свету». З пачаткам служэння Езуса Хрыста святы Ян засведчыў, што яго місія завяршылася: «Яму час узрастаць, а мне памяншацца».

Праз пэўны час ён быў зняволены царом Юдэі Ірадам Антыпам у крэпасці Махерон за тое, што публічна крытыкаваў недазволенае сужыццё гэтага цара з Ірадыядай, жонкай роднага брата Ірада. Аднак зняволенне не задаволіла Ірадыяду.

Падчас урачыстага банкету цару вельмі спадабаўся танец дачкі Ірадыяды Саламеі, і ён паабяцаў даць ёй за гэта любую ўзнагароду. Помслівая жанчына падбухторыла дачку прасіць у яго галаву Яна Хрысціцеля. Ірад выканаў абяцанне, і святы быў забіты. Гэта адбылося каля 30 года.

Ян Хрысціцель — апошні прарок Старога Запавету і першы прарок Новага Запавету — першы святы, якога пачалі ўшаноўваць у гісторыі Касцёла. Ён з’яўляецца апекуном многіх гарадоў і краінаў.

Успамін св. Яна Хрысціцеля адзначаецца 24 чэрвеня.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.