Свята Ахвяравання Пана і Дзень кансэкраванага жыцця |
Каляндар |
02.02.2012 03:33 |
2 лютага Каталіцкі Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана, а з 1997 года — і Дзень кансэкраванага жыцця. Як калісьці Марыя і Юзаф ахвяравалі Езуса, прынёсшы яго ў святыню, так і духоўныя асобы ахвяравалі сваё жыццё служэнню Богу ў розных манаскіх ордэнах і кангрэгацыях і свецкіх інстытутах. Свята Ахвяравання Пана традыцыйна называюць яшчэ святам Маці Божай Грамнічнай або Грамніцамі. У гэты дзень у літургіі ўспамінаецца прынясенне Дзіцятка Езуса ў святыню для выканання абраду ахвяравання, прадпісанага законамі Старога Запавету. Такім чынам, ужо ў самым пачатку зямнога жыцця Збаўцы Бог сведчыць, што Езус прыйшоў у свет не парушыць закон, а выканаць яго. Згодна з апавяданнем евангелістаў, першымі людзьмі, якія сустрэлі Пана, пазнаўшы ў маленькім Дзіцятку самога Хрыста, былі прарок Сімяон і старая ўдава па імені Ганна, якая няспынна прабывала ў святыні. Няхай гэтае свята дапаможа і кожнаму з нас спаткацца з Езусам і адкрыць сваё сэрца на іншага чалавека. |