27 мая — нядзеля Cпаслання Святога Духа |
Каляндар |
27.05.2012 03:00 |
Святкаванне дня Спаслання Духа Святога пачынаецца яшчэ ў апостальскія часы, але афіцыйна гэтае свята ўвайшло ў хрысціянскі каляндар у канцы IV ст., калі быў прыняты дагмат аб Найсвяцейшай Тройцы. У хрысціян захавалася старазапаветная традыцыя ўпрыгожваць у гэты дзень святыні і дамы зялёнымі галінкамі бярозы, дуба і кветкамі, што сімвалізуе веру ў жыватворную сілу Духа. Акрамя таго, гэтая традыцыя таксама прыпамінае нам мамрыйскі дуб, дзе патрыярха Абрагама наведала Найсвяцейшай Тройца ў постаці трох падарожнікаў (Быц. 18, 1–16). Свята Спаслання Святога Духа — падзея першаступеннай важнасці ў жыцці Касцёла, бо яна завяршае ўтварэнне Касцёла Хрыстовага і сцвярджае таямніцу святасці. У гэты дзень, калі Святы Дух сышоў на апосталаў у выглядзе вогненых языкоў, апосталы ўмацаваліся ў сваёй веры, атрымалі моц для сусветнага прапаведавання Евангелля. У гэтай незвычайнай падзеі раскрываецца сутнасць нашай веры ў «адзіны святы каталіцкі апостальскі Касцёл». Касцёл адзіны на вобраз таго, што апосталы ў дзень Пяцідзясятніцы былі адзінадушна разам у малітве. Святасць Касцёла вызначаецца тым, што пад натхненнем Святога Духа ён сведчыць пра Хрыста. Каталіцкі (што абазначае паўсюдны) Касцёл — таму што Евангелле прызначана для ўсіх народаў, менавіта з гэтай прычыны ад самага пачатку Святы Дух дае Касцёлу дар разумення іншых моў. Касцёл Апостальскі — таму што заснаваны на фундаменце апосталаў, ён верна захоўвае іх (апостальскае) навучанне, сродкамі непарыўнай пераемнасці біскупаў. Па сваёй прыродзе Касцёл місійны, а гэта значыць, што пры садзеянні Святога Духа накіраваны на распаўсюджванне Евангелля ва ўсім свеце, таму абавязкам кожнага хрысціяніна таксама з’яўляецца абвяшчэнне Добрай Навіны іншым людзям. Вікторыя Колзун |