Месяц чэрвень у Каталіцкім Касцёле прысвечаны Сэрцу Езуса. Чэрвеньскае набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса — гэта пабожная практыка, праз якую вернікі выяўляюць падзяку за вялікую любоў, якой адорвае Езус Хрыстус.
Слуга Божы Ян Павел ІІ падчас чэрвеньскага набажэнства да Найсвяцейшага Сэрца Езуса сказаў: «Я вельмі ўзрадаваны тым, што гэтая пабожная практыка — штодня прамаўляць або спяваць у месяцы чэрвені літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса, — застаецца такою жывою і заўсёды падтрымліваецца» (Эльблёнг, 6 чэрвеня 1999 г.).
Чэрвеньскія набажэнствы на ўшанаванне Найсвяцейшага Сэрца Езуса маюць багатую гісторыю. Прысвяціць месяц чэрвень Сэрцу Езуса першай прапанавала выхаванка пансіёна пры адным з парыжскіх кляштараў Анэля дэ Сэнт-Круа. Аднойчы гэтая дзяўчынка пасля таго, як прыняла святую Камунію, падумала, што калі месяц май прысвечаны Найсвяцейшай Панне Марыі, было б добра прысвяціць чэрвень Сэрцу Езуса. Яна падзялілася сваімі думкамі з выхавацелькай і сяброўкамі, і ім гэта вельмі спадабалася. Ініцыятыву маленькай Анэлі падтрымалі таксама настаяцельніца кляштара і Парыжскі біскуп. Праз пэўны час прапанова прысвяціць чэрвень Сэрцу Езуса дайшла да Папы, і ў 1873 г. Пій ІХ зацвердзіў чэрвеньскае набажэнства.
За шмат гадоў да гэтага адбыліся важныя аб’яўленні, якія сталі крыніцаю культу Сэрца Езуса. 16 чэрвеня 1675 г. у кляштары візітак у Парэ-ле-Маньяль у Францыі Езус Хрыстус трэці раз аб’явіўся сястры Маргарыце Марыі Алякок, калі тая малілася ў капліцы, і сказаў ёй: «Я хачу, каб першая пятніца пасля актавы Божага Цела з гэтага часу стала асобным святам на ўшанаванне Майго Сэрца і праз святую Камунію і іншыя пабожныя практыкі была прысвечана перапрашэнню за знявагі, якія Я зношу ў той час, калі падчас актавы знаходжуся выстаўленым на алтарах. За гэта Я абяцаю табе, што Маё Сэрца спашле шчодрыя ласкі ўсім тым, хто такім чынам ушануе Маё Сэрца або будзе спрыяць пашырэнню яго ўшанавання». Святая Маргарыта Марыя Алякок і айцец Клод дэ ля Каламб’ер, езуіт, які быў спаведнікам сясцёр візітак, з таго часу пачалі рабіць усё для таго, каб выканаць просьбу Езуса.
Чэрвеньскае набажэнства на ўшанаванне Сэрца Езуса складаецца з адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і спеву або прамаўлення літаніі да Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Гэтую літанію склала сястра візітка Жанна Мадлена Жолі. Літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса сталі паўсюдна прамаўляць у касцёлах падчас эпідэміі, якая ахапіла Марсэль у 1720 г. Дзякуючы гэтай малітве горад быў уратаваны. У 1899 г. Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў зацвердзіла тэкст літаніі, якая складаецца з 33 просьбаў-зваротаў, што нагадваюць пра кожны з гадоў зямнога жыцця Збаўцы. (AG)
|