Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Распачынаецца кастрычнік — месяц ружанцовай малітвы ў Касцёле
Каляндар
01.10.2013 00:16

Месяц кастрычнік Каталіцкі Касцёл прысвячае малітве Ружанца. Гэта малітва, спалучаная з роздумам пра падзеі з жыцця Езуса Хрыста і Панны Марыі, што ўтвараюць чатыры часткі Ружанца — радасныя таямніцы, балесныя таямніцы, хвалебныя таямніцы і таямніцы святла.

Спецыфіка малітвы Ружанца, якая базуецца на паўторы малітоўных формул, спрыяе падрыхтоўцы розуму і сэрца верніка да глыбокага разважання над падзеямі з жыцця Хрыста і Маці Божай. Падчас таямніц Ружанца адбываецца разважанне над пэўным выпадкам з жыцця Хрыста або Марыі і адгаворванне па 5 малітваў «Ойча наш», пасля кожнай з якіх ідуць 10 «Вітай, Марыя».

Папа Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце «Rosarium Virginis Mariae» адзначаў, што Ружанец дайшоў «да пачатку новага, трэцяга тысячагоддзя, застаючыся вельмі дзейснаю малітвай, якая прыносіць плады святасці». Па словах Папы, гэтая малітва «моцна ўгрунтавана на духоўнасці хрысціянства, якое за дзве тысячы гадоў нічога не страціла са сваёй першапачатковай свежасці і адчувае, што Дух Божы натхняе яго „выплысці на глыбіню“».

Рымскія Папы не раз указвалі на Ружанец як на малітву аб міры. Таксама Ружанец з’яўляецца вялікай падтрымкай для верніка ў штодзённым жыцці, дазваляе глыбей пазнаць Хрыста, знаходзячы падтрымку ў словах Евангелля.

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.