Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых |
Каляндар
|
01.11.2013 00:00 |
1 лістапада Каталіцкі Касцёл адзначае ўрачыстасць Усіх Святых. У гэты дзень вернікі дзякуюць Богу за дар святасці і аддаюць пашану ўсім святым — як вядомым, так і невядомым, — якія дасягнулі вечнай хвалы і прабываюць з Богам у небе.
У гэты дзень Касцёл радуецца, што многія з памерлых заслужылі збаўленне і прабываюць з Богам, радуецца вялікай грамадзе святых, памяць пра якіх сярод людзей, можа, ужо знікла.
Некаторыя імёны і біяграфіі святых вядомы, бо яны былі афіцыйна абвешчаны Касцёлам святымі. На працягу літургічнага года адзначаюцца святы ці ўспаміны паасобных святых ці благаслаўлёных, а 1 лістапада ўшаноўваюцца адразу ўсе тыя, хто дасягнуў вечнага шчасця. Касцёл бачыць у іх сваіх заступнікаў перад Богам і прыклад для наследавання.
Урачыстасць Усіх Святых нагадвае аб пакліканні ўсіх людзей да святасці. Урачыстасць сёлета прыпадае на пятніцу, таму ў гэты дзень адмяняецца ўстрыманне ад мясных страваў. Таксама яна з'яўляецца нагодай для атрымання поўнага адпусту, які можна ахвяраваць за памерлых. (AG)
|