Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Язафат Кунцэвіч: мучанік за еднасць
Каляндар
12.11.2013 12:34

12 лістапада адзначаецца ўспамін св. Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка. Лёс Язафата Кунцэвіча стаў своеасаблівым сімвалам і сведчаннем таго, якія цяжкасці адчувала Грэка-Каталіцкая Царква на пачатку свайго станаўлення на беларускіх землях.

Ідэя уніі ажыццявілася ў 1596 годзе на царкоўным саборы ў Берасці. Унія мела як сваіх прыхільнікаў, так і супраціўнікаў.

Язафат Кунцэвіч быў адным з тых, каму належалі шматлікія важныя рашэнні ў пашырэнні уніі. Ён быў вельмі таленавітым і дзейсным рэлігійным дзеячам, якому, як адзначаюць некаторыя гісторыкі, не хапала талерантнасці. Напрыклад, Уладзімір Арлоў у сваёй працы «Краіна Беларусь» паведамляе наступнае: «У барацьбе з непакорлівымі ён зачыняў праваслаўныя храмы, пазбаўляў сану і жорстка караў святароў».

У адной са сваіх гамілій грэка-каталіцкі святар Андрэй Буйніч таксама адзначае, што «яго постаць нікога не пакідае абыякавай: для адных ён святы, для другіх — люты вораг».

На пытанне, чым выклікана такая палярнасць меркаванняў, святар дае свой адказ. Ён лічыць, што «справа ў прадмеце, якому Язафат Кунцэвіч надаваў вялікую ўвагу, на чым сам “спецыялізаваўся”, менавіта на еднасці хрысціянаў, на адзінстве Касцёла». Ідэя ж зменаў у накірунку экуменізму выклікала насцярогу з боку праваслаўных, у якіх існаваў страх перад залішнім уплывам з заходняга боку.

Таксама застаецца цікавым той факт, што пасля пакутніцкай смерці Язафата Кунцэвіча, здавалася б, такога ворага, яго апанент — Мялецій Сматрыцкі, актыўны супраціўнік уніі і апалагет злучэння, змяніў свае погляды і перайшоў у грэка-каталіцтва.
Лёс уніі быў вельмі складаным на беларускіх землях, але з кожным годам пазіцыі ўсё больш умацоўваліся і яе дзейнасць арганічна станавілася часткай беларускай гісторыі.

Дзякуючы тым, хто стаяў на пачатках уніі, у тым ліку і Язафату Кунцэвічу, беларуская зямля займела сваю рэлігію, якая, нягледзячы на пераслед, развіваецца і надалей.

 

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.