Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
75 гадоў таму пачалася Другая сусветная вайна
Каляндар
01.09.2014 14:45

Дзень 1 верасня 1939 года лічыцца пачаткам Другой сусветнай вайны, аднаго з найбольш крывавых канфліктаў мінулага стагоддзя.

75 гадоў таму нямецкія войскі ўварваліся на тэрыторыю Польшчы — пачалася Другая сусветная вайна. Гэта вайна стала  пачаткам жорсткага супрацьстаяння народаў, у якім загінула каля 50-і мільёнаў чалавек.

Каталіцкі Касцёл заўсёды асуджаў разбуральныя дзеянні ў дачыненні як да канкрэтнага чалавечага жыцця, так і да жыцця цэлых нацый.

«Вучэнне Касцёла аб прынцыпах, на якія абапіраецца міжнародная супольнасць, патрабуе, каб адносіны паміж народамі і палітычнымі супольнасцямі рэгуляваліся розумам, справядлівасцю, законам і перамовамі. Нельга выкарыстоўваць насілле і вайну, дыскрымінацыю, запалохванне ці хлусню», — падкрэсліваецца ў Кампендыі сацыяльнага вучэння Касцёла (КСВК).

Касцёл заўсёды знаходзіўся і знаходзіцца побач з міжнароднай супольнасцю і заўсёды заклікае да мірнага вырашэння праблем, якія ўзнікаюць і сёння.

Гэта тычыцца сённяшняй сітуацыі ў Іраку, Сірыі і братэрняй Украіны. У сітуацыі вайны Касцёл заклікае абараняцца ад агрэсара: «Ваенная агрэсія амаральная па сваёй сутнасці. У выпадку трагічнага канфлікту кіраўнікі атакаванай дзяржавы маюць права і абавязак арганізаваць абарону, нават з выкарыстаннем зброі» (КСВК, 500).

Шлях Касцёла — гэта шлях любові

Неаднойчы публіцысты і пісьменнікі, розныя грамадскія і рэлігійныя дзеячы адзначалі, што як і іншыя войны, так і Другая сусветная вайна былі ўрокам для грамадства, якое іншымі вачыма паглядзела на свет і каштоўнасці — абноўлена і асэнсавана. Але які быў кошт гэтых урокаў і ацверазення грамадскасці?

Калі механізм вайны запушчаны, як гэта адбываецца зараз, Касцёл змагаецца за спакой пры дапамозе малітвы. Да малітвы часта запрашае свет і Папа Францішак. Касцёл заклікае да сумеснага пошуку супакою ўсімі вернікамі, што «з’яўляецца значным фактарам, які яднае народы» (КСВК, 517).

Шлях Касцёла — гэта перш за ўсё шлях Любові, які пры вырашэнні канфліктаў праяўляецца праз прабачэнне і прымірэнне. Пры гэтым узаемнае прабачэнне «не павінна адмяняць патрабаванні справядлівасці і, тым больш, не павінна закрываць шлях да праўды» (КСВК, 518).

Таму і ў сённяшняй сітуацыі ў краінах, дзе канфлікт вырашаецца ўзброеным шляхам, Касцёл заклікае да «ўзаемнай адкрытасці паміж падзеленымі народамі», ці падзеленым народам, бо толькі «справядлівасць і праўда ўяўляюць канкрэтныя патрабаванні да паяднання» (КСВК, 518).

Падрыхтавала Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.