19 кастрычніка — 30-я гадавіна мучаніцкай смерці бл. кс. Ежы Папялушкі |
Каляндар |
18.10.2014 18:40 |
19 кастрычніка гг. адзначаецца 30-я гадавіна мучаніцкай смерці благаслаўлёнага кс. Ежы Папялушкі. У гэты дзень у парафіяльны касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і св. Язафата Кунцэвіча ў Сапоцкіне (Гродзенская дыяцэзія) будуць унесены рэліквіі крыві благаслаўлёнага. Ксёндз Ежы Папялушка нарадзіўся 14 верасня 1947 г. на Беласточчыне ў Польшчы. Пры хросце атрымаў імя Альфонс. Рос у рэлігійнай сям’і. У 1965 годзе паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю у Варшаве, аднак неўзабаве быў прызваны ў войска. У войску Ежы Папялушку прыйшлося выцерпець за веру нямала здзекаў: напрыклад, аднойчы ён адмовіўся зняць з пальца ружанец, за што яму загадалі стаць босым на холадзе, і толькі калі яго ногі пасінелі ад холаду, яму дазволілі абуцца. Пакаранні і здзекі ў войску падарвалі і без таго не вельмі моцнае здароўе семінарыста. У 1972 годзе будучы благаслаўлёны прыняў прэзбітэрскае пасвячэнне з рук кардынала Стэфана Вышыньскага, Прымаса Польшчы. Перад пасвячэннем ён змяніў імя Альфонс на Ежы. На пачатку нясення душпастырскай паслугі малады святар служыў у некалькіх парафіях. Нягледзячы на сур’ёзныя праблемы са здароўем, займаўся душпастырствам медсясцёр, праводзіў сустрэчы для студэнтаў медыцыны ў касцёле св. Ганны і рэкалекцыі для сярэдняга медперсаналу, цэлебраваў Імшы для псіхічна хворых у шпіталі пры Нававейскай у Варшаве. Напрыканцы мая 1980 года ксёндз Папялушка прыбыў у варшаўскую парафію Святога Станіслава Косткі. (AG) |