«Замест святыні была груда цэглы»: 53 гады таму ў Гродне знішчылі фару Вітаўта |
Каляндар |
29.11.2014 13:56 |
29 лістапада 1961 года ў Гродне быў узарваны касцёл Найсвяцейшай Панны Марыі, вядомы як фара Вітаўта. Як сцвярджаюць гісторыкі, святыня была адным з самых вялікіх каталіцкіх касцёлаў у ВКЛ. Перад знішчэннем касцёла яго мініравалі на працягу двух дзён. Пад сцены святыні было закладзена дзве тоны выбуховага рэчыва. Паводле ўспамінаў відавочцаў, вялізную гару з абломкаў разбіралі два дні. Пасля выбуху касцёл асеў, а крыж уваткнуўся ў зямлю і працягваў стаяць… Сваімі ўспамінамі мы папрасілі падзяліцца і арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які ў той час жыў у Гродне. У школу я ездзіў аўтобусам. Гэта не заўсёды было зручна, але давала магчымасць у той жа дзень паспяваць у розныя часткі горада. Хоць аўтобусны прыпынак знаходзіўся недалёка ад школы, часта я ішоў пешшу на Савецкую плошчу і ўжо там на прыпынку сядаў у аўтобус. Я часта бываў побач з фарай Вітаўта і, канешне, чуў ад людзей, што яе збіраюцца ўзарваць. 29 лістапада 1961 года раніцай я ехаў у школу. На прыпынку на пл. Савецкай нехта сказаў: «Усё, касцёла няма». Я паспрабаваў паглядзець, але праз людзей і цемру нічога не ўбачыў. Пасля школы я пайшоў туды. Сапраўды, замест святыні была груда цэглы. Людзі стаялі і плакалі. Многія казалі, што знішчылі не толькі святыню, але і помнік архітэктуры. Дома настрой быў прыгнечаны. Бацька ўзгадваў, як яшчэ маліўся ў гэтай святыні… Разбурэнне гэтага гістарычнага касцёла непапраўна сапсавала цэнтр горада. Замест святыні засталося пустое месца, якое пустуе і сёння. Гэта вельмі сімвалічна. Дзе няма святыні, там няма і Бога. А без Бога застаецца пустэча.
Узнаўляючы гістарычныя помнікі, нельга згубіць іх дух, як гэта было зроблена з узноўленым бернардынскім комплексам у Мінску. Намолены будынак ператвораны ў гасцініцу з блюзнерскай назвай «Манастырская». Фары Вітаўта няма. Да сёння ў маіх вушах гучаць гэтыя словы, пачутыя тады ў аўтобусе. Наперакор ім трэба сказаць, што святыня ёсць, пра што сведчыць гісторыя адраджэння веры на нашай зямлі. Няхай у нашай памяці застанецца фара Вітаўта. Пустое месца, якое засталося пасля яе, няхай будзе ўрокам пакаленням, каб замест рук, якія знішчаюць святыя месцы, былі рукі, якія гэтыя месцы ствараюць. Падрыхтаваў Ілья Лапато |