Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
3 снежня — Міжнародны дзень людзей з абмежаванымі магчымасцямі
Каляндар
03.12.2014 00:30

Згодна з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН ад 14 кастрычніка 1992 года ў мэтах павышэння дасведчанасці і мабілізацыі падтрымкі важных пытанняў, якія тычацца ўключэння людзей з інваліднасцю як у грамадскія структуры, так і ў працэсы развіцця, 3 снежня прынята адзначаць Міжнародны дзень інвалідаў.

У Кампендыі сацыяльнага вучэння Касцёла (КСВК) адзначаецца, што «паколькі чалавек з абмежаванымі магчымасцямі — гэта суб’ект з усімі правамі, то трэба дапамагаць яму ўдзельнічаць у сямейным і грамадскім жыцці ва ўсіх аспектах і на ўсіх узроўнях» (арт.148 КСВК).

Неабходна пашыраць пры дапамозе эфектыўных і адпаведных мер правы людзей з абмежаванымі магчымасцямі, заклікае Каталіцкі Касцёл (арт. 148 КСВК).

ААН з вялікай увагай ставіцца да пытання правоў людзей з абмежаванымі магчымасцямі, у гэтым годзе Міжнародны дзень інвалідаў праходзіць пад тэмай «Устойлівае развіццё: шматабяцальны патэнцыял тэхналогій».

У сваім пасланні да гэтага дня генеральны сакратар ААН Пан Гі Мун адзначае, што «тэхнічныя дасягненні могуць прынесці вялікую карысць інвалідам».

Найноўшыя тэхналогіі могуць дапамагчы інвалідам максімальна рэалізаваць свой патэнцыял там, дзе яны жывуць і працуюць, а апрача таго тэхналогіі могуць прыйсці на дапамогу ў выпадку стыхійных катастроф.

Акрамя развіцця тэхналогій, якія б дапамаглі справіцца з многімі праблемамі і цяжкасцямі, якія сустракаюць на сваім жыццёвым шляху людзі з абмежаванымі магчымасцямі ў працоўнай і бытавой сферы, трэба звяртаць увагу на іх эмацыйнае і сексуальнае вымярэнне.

«Такі чалавек таксама хоча любіць і быць любімым, патрабуе пяшчоты, блізкасці, інтымнасці ў адпаведнасці са сваімі магчымасцямі і згодна з маральным парадкам, аднолькавым як для здаровых, так і для людзей з фізічнымі ці разумовымі адхіленнямі» (арт. 148 КСВК).

Папа Францішак, неаднаразова звяртаючыся да пытання інвалідаў, нагадвае, што «здароўе, канешне, мае вялікую вартасць, але само па сабе не з’яўляецца гарантыяй шчасця», і перакананы, як паведамляе Радыё Ватыкана, што «трэба вучыць таму, што чалавечая рэалізацыя не выключае пакутаў, а хворая асоба з’яўляецца дарам для ўсёй супольнасці і напамінам пра неабходнасць салідарнасці і адказнасці».

У свеце больш за адзін мільярд людзей з абмежаванымі магчымасцямі, але кожны жыхар свету пакліканы да таго, каб рэалізаваць свой задуманы Створцам патэнцыял упоўні, нягледзячы на фізічныя, разумовыя, палітычныя і сацыяльныя абмежаванні.

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.