Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Памагатыя з добрай волі, або развага пра валанцёраў
Каляндар
05.12.2014 10:00
5 снежня — Міжнародны дзень валанцёраў.
 
Валанцёры? 
 
Памагатыя з добрай волі, але неабавязкова альтруісты. Гэта людзі, якія працуюць, каб дапамагчы іншым. Падчас гэтай дапамогі яны праходзяць своеасаблівыя курсы, школу, а хтосьці і ўніверсітэт жыцця, які пасля яго сканчэння дае не дыплом, але разуменне сябе і даволі часта разуменне выбару жыццёвага шляху, свайго паклікання.

А што, калі выпускнік школы, які яшчэ да канца не вызначыўся са сваёй будучыняй, прафесіяй і жыццёвым пакліканнем, пойдзе не ў першы ўніверсітэт, які прапануюць бацькі, або куды атрымаецца (досыць частая практыка сярод беларускіх студэнтаў), а будзе мець час прайсці своеасаблівую фармацыю ў валанцёрстве?

Камусьці патрэбны год, камусьці два, камусьці ўсяго некалькі месяцаў, каб раскрыць і пачуць сябе, каб цалкам у свабоднай атмасферы, а не пад ціскам грамадскіх стэрэатыпаў, выбраць тое, да чаго пакліканы. Зразумець тое, для чаго ты народжаны.

Чаму праз шлях валанцёрcтва

Валанцёрам чалавек становіцца па добрай волі, значыць ён усведамляе, што ён робіць, робіць гэта з адказнасцю і любоўю, бо да гэтага кроку яго ніхто не прымушаў. Гэты чалавек дакладней можа зразумець, што такое «выбар», што такое адказнасць за гэты выбар.

Валанцёр вольны ад грошай, бо робіць працу, на якую згадзіўся, каб не мець за яе матэрыяльнай узнагароды. Але ўзамен атрымлівае ўсё ж аплату, якая навучыць яго быць актыўным і паспяховым працаўніком — вопыт камунікацыі з рознымі людзьмі, вопыт вырашэння складаных, ды і элементарных канфліктаў. Гэты спіс можна працягваць. 

Памятаць пра сутнасць!

Школа і ўніверсітэт на сёння — гэта, збольшага, адукацыйныя базы, якія даюць магчымасць інтэлектуальнага развіцця, а гэтага недастаткова. Чалавечае грамадства — гэта не толькі інтэлект. Людзі — не робаты, а асобы, якія створаны на вобраз Таго, хто іх моцна палюбіў і гэтую любоў заклаў у сутнасць іх існавання.

Думаю, варта праходзіць курсы валанцёрства ў якасці курсаў падрыхтоўчых, у якасці курсаў па павышэнні кваліфікацыі, у якасці духоўных практыкаванняў, ды і па іншых прычынах. Карысна кожнаму незалежна ад узросту. Чаму? Каб не забывацца пра сваю сутнасць.

Аксана Ючкавіч
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.