Беларуская мова ў сучасным Касцёле (да Міжнароднага дня роднай мовы) |
Каляндар |
21.02.2015 09:29 |
21 лютага адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы — свята, блізкае кожнаму, каго хвалюе лёс беларускай мовы і культуры. Між тым падзеі, якія сталі прычынай з’яўлення гэтага свята, адбываліся ў далёкай краіне Бангладэш. У гэты дзень у 1952 годзе ў Пакістане загінулі пяць студэнтаў, якія змагаліся за наданне мове бангла статуса дзяржаўнай. Пазней усходняя частка гэтай краіны стала незалежнай дзяржавай Бангладэш. А ў 1999 годзе ЮНЕСКА абвясціла гэты дзень святам роднай мовы, якое мае на мэце падтрымку моўнай разнастайнасці і шматмоўнай адукацыі, усведамленне культурных традыцый, неабходнае для ўзаемаразумення, цярпімасці і дыялогу. Асаблівую ўвагу на праблему розных моў і культур Каталіцкі Касцёл звярнуў яшчэ раней, падчас Другога Ватыканскага Сабору. Літургічная канстытуцыя, прынятая на Саборы, дазволіла ўжываць народныя мовы ў літургіі і заахвочвала перакладаць на іх Святое Пісанне. У Беларусі актыўная праца ў гэтым накірунку пачалася пасля аднаўлення касцёльных структур у 90-я гг. ХХ ст. Сёння перакладам на беларускую мову займаецца Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла. Яе намаганнямі на беларускую мову перакладзены амаль увесь Новы Запавет, Імшал, шэраг літургічных кніг, афіцыйныя дакументы Касцёла. Па-беларуску выходзіць рэлігійная літаратура і перыядычныя выданні, вядуцца інтэрнэт-старонкі, родная мова гучыць у многіх касцёлах нашай краіны. Гэта несумненная заслуга Касцёла ў Беларусі, і гэта надзвычай важна для таго, каб вернікі лепш разумелі Божае слова. Значна гэта і для развіцця самой мовы, фарміравання яе высокага, рэлігійнага стылю. Выкарыстанне мовы ў рэлігійным стылі ўзбагачае яе, павышае прэстыж у грамадстве. На фота: Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч падчас прэзентацыі тома Літургіі гадзінаў на беларускай мове Разам з тым у функцыянаванні беларускай мовы ў сферы рэлігіі існуюць пэўныя цяжкасці. Звязаны яны найперш з перарывам пісьмовай традыцыі ў гісторыі беларускай мовы. Сучасная беларуская мова фарміравалася на аснове народных гаворак, і ў ёй не хапала лексікі для выражэння рэлігійных тэрмінаў і паняццяў, для перадачы ўзнёслага стылю літургічных тэкстаў. Паступова гэтыя сродкі выпрацоўваюцца, але працэс яшчэ далёкі да завяршэння. Вялікі ўплыў на моўную сітуацыю ў рэлігійнай сферы аказвае таксама шматканфесійнасць беларускага грамадства, бо кожная канфесія мае свой падыход да выкарыстання мовы, што выяўляецца найперш ва ўсё той жа тэрміналогіі, а таксама перадачы біблейскіх уласных імёнаў. І на дадзены момант пераадолець рознагалоссі складана. Лінгвісты адзначаюць фарміраванне ў рэлігійным стылі беларускай мовы дзвюх асобных традыцый — усходняй і заходняй. Гэта можа ўспрымацца і як багацце мовы, але сёння, улічваючы складаную моўную сітуацыю наогул, такая варыятыўнасць можа заблытваць і адштурхоўваць людзей ад выкарыстання беларускай мовы ў рэлігійнай сферы. Таму тут застаецца яшчэ вялікае поле для працы тэолагаў, філолагаў, гісторыкаў і вялікія магчымасці для ўдасканалення і развіцця беларускай мовы. Для Касцёла розныя мовы і культуры, якія ён аб’ядноўвае і з якімі кантактуе — гэта каштоўны скарб, але таксама і адказнасць за захаванне спакою, талерантнасці, узаемнай павагі паміж прадстаўнікамі розных народаў. Часткай гэтага скарбу з’яўляецца і наша родная мова. Вераніка Лугіна |