24 сакавіка адзначаецца Дзень малітвы і посту за сучасных місіянераў-мучанікаў |
Каляндар |
24.03.2015 11:14 |
24 сакавіка ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца Дзень малітвы і посту за сучасных місіянераў-мучанікаў. У 1980-2014 гг. у свеце было забіта 1062 місіянеры. Дзень памяці і малітвы за місіянераў-мучанікаў быў устаноўлены па ініцыятыве італьянскага Моладзевага руху папскіх місійных спраў у 1993 г. Дата 24 сакавіка была абрана таму, што ў гэты дзень у 1980 г. быў забіты арцыбіскуп Оскар Арнульфа Рамэра з Сан-Сальвадора, які супраціўляўся насіллю мясцовага рэжыму. Іерарх быў застрэлены, калі цэлебраваў Эўхарыстыю ў шпітальнай капліцы.
Сёлетні Дзень малітвы і посту за сучасных місіянераў-мучанікаў мае выключны характар, таму што прыпадае ў 35-ю гадавіну смерці арцыбіскупа Оскара Рамэра і ў год яго беатыфікацыі, якая адбудзецца 23 мая ў Сан-Сальвадоры. У 1980-1989 гг. загінула 115 місіянераў, у 1990-2000 гг. — 604 (у тым ліку 248 падчас масавых забойстваў у Руандзе ў 1994 г.), у 2001-2014 гг. — 343. У 2014 г. загінула 26 місіянераў, у тым ліку 17 дыяцэзіяльных і законных святароў, адзін законны брат, шэсць законных сясцёр, адзін семінарыст і адзін свецкі місіянер. 14 з іх загінула ў Амерыцы, па двое — у Афрыцы, Азіі і Акіяніі, адзін святар — у Еўропе. Акрамя таго, паміралі місіянеры, якія служылі хворым у Заходняй Афрыцы, ахопленай эпідэміяй Эбола. Многія людзі, якія гінуць за веру на тэрыторыях, дзе ідзе вайна або пераслед, застаюцца безыменнымі. |