Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
25 сакавіка — Дзень святасці жыцця
Каляндар
25.03.2015 10:09

У адказ на заклік Яна Паўла ІІ у энцыкліцы «Evangelium Vitaе» Каталіцкі Касцёл адзначае 25 сакавіка, ва ўрачыстасць Звеставання Пана, Дзень святасці жыцця.

У абвешчанай у 1995 г. энцыкліцы «Evangelium Vitaе» Ян Павел ІІ піша: «Прапаную (...) каб штогод у кожнай краіне адзначаўся Дзень жыцця (...). Яго асноўнай мэтай з’яўляецца абуджэнне ў сумленні, у сем’ях, у Касцёле і свецкім грамадстве чуласці да сэнсу і каштоўнасці чалавечага жыцця ў кожны момант і кожнай якасці».

Гэты дзень — выключная нагода да падзякі і роздуму аб жыцці, якім мы былі адораны, каб скласці ўдзячнасць Богу і ахвяраваць малітву ў інтэнцыі дзяцей, якія яшчэ не нарадзіліся і жыццю якіх пагражае небяспека.



Таксама ў гэты дзень найбольш урачыстым чынам можна прыняць абавязак духоўнага ўсынаўлення дзіцяці, жыццё якога пад пагрозай.

«Духоўнае ўсынаўленне» — абяцанне, да якога абавязуецца чалавек праз малітву за жыццё дзіцяці, якое знаходзіцца ва ўлонні маці, імя якога вядома толькі Богу і чыё жыццё пад пагрозай, і за яго бацькоў.

Сутнасць духоўнага ўсынаўлення — штодзённая малітва на працягу 9 месяцаў, бо столькі дзіця знаходзіцца ва ўлонні маці.

Да духоўнага ўсынаўлення заахвочвае Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў Беларусі: «Заахвочваем да гэтай малітвы найперш святароў і законных асобаў. Ваша пастава і прыклад паказвае вернікам, якім чынам паступаць. Няхай гэтае сведчанне будзе відавочным асабліва зараз, калі перажываем Год кансэкраванага жыцця, абвешчаны Папам Францішкам. Просім таксама, каб як мага большая колькасць вернікаў і людзей добрай волі далучылася да гэтай формы малітвы за дзіцячае жыццё, якое знаходзіцца пад пагрозай пад сэрцам маці».

(JM)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.