Сёлета Касцёл ужо ў 15-ы раз адзначае свята Божай Міласэрнасці. Яно святкуецца ў першую нядзелю пасля Вялікадня, якая называецца Нядзеляй Божай Міласэрнасці. У дзень кананізацыі с. Фаўстыны Кавальскай, 30 красавіка 2000 г., Папа Ян Павел ІІ абвясціў гэтае свята для ўсяго Паўсюднага Касцёла.
Аднак натхненнем для ўстанаўлення гэтага свята было жаданне самога Езуса, якое перадала сястра Фаўстына. У той час Хрыстус сказаў ёй: «Я прагну, каб першая нядзеля па Вялікадні была святам Міласэрнасці» (Дз. 299).
«Я прагну, каб свята Міласэрнасці было паратункам і прытулкам для ўсіх душаў, і асабліва для бедных грэшнікаў. У гэты дзень адкрыты глыбіні Маёй міласэрнасці, Я выліваю цэлае мора ласкаў на душы, якія набліжаюцца да крыніцы Маёй міласэрнасці. Тая душа, якая прыступіць да споведзі і святой Камуніі, атрымае поўнае адпушчэнне правінаў і караў. У гэты дзень адкрытыя ўсе Божыя каналы, па якіх сыходзяць ласкі; няхай не баіцца наблізіцца да Мяне ніводная душа, нават калі б яе грахі былі, як пурпур», — перадае ў сваім дзённіку сястра Фаўстына словы Езуса (Дз. 699).
Свята Божай Міласэрнасці — паратунак і прытулак
Упершыню Езус сказаў аб тым, што жадае ўстанаўлення гэтага свята, сястры Фаўстыне Кавальскай у Плоцку, калі выказаў ёй сваю волю аб стварэнні абраза: «Я хачу, каб было свята Міласэрнасці. Я хачу, каб гэты абраз, які ты намалюеш пэндзлем, быў урачыста асвечаны ў першую нядзелю пасля вялікадня, гэтая нядзеля павінна стаць святам Міласэрнасці» (Дз. 49).
Выбар першай нядзелі пасля Вялікадня невыпадковы: на гэты дзень прыпадае актава Уваскрасення Пана, што вянчае Пасхальныя Містэрыі Хрыста. Гэты перыяд у літургіі Касцёла выразна адлюстроўвае таямніцу Божай міласэрнасці, якая найбольш поўна выявілася ў муцы, смерці і ўваскрасенні Хрыста. Устанаўленне свята Божай Міласэрнасці ў непасрэдным суседстве з літургіяй мукі і ўваскрасення Хрыста падкрэслівае крыніцу і матыў перажываных таямніц веры. Ім з’яўляецца, безумоўна, міласэрнасць Бога. Інакш кажучы — не было б cправы адкуплення, калі б не было міласэрнасці Бога. Гэтую сувязь убачыла сястра Фаўстына, якая ў “Дзённіку” піша: «Цяпер я бачу, што справа адкуплення звязана са справай міласэрнасці, якой жадае Пан» (Дз. 89).
Якія прычыны для ўстанаўлення новага свята ў літургічным календары Касцёла? Іх прыводзіць сам Езус, кажучы: «Душы гінуць, нягледзячы на Маю горкую муку. Я даю ім апошні шанец для паратунку, гэта значыць свята Маёй міласэрнасці. Калі яны не ўшануюць Маёй міласэрнасці, то згінуць навекі» (Дз. 965).
Божая міласэрнасць — найпрыгажэйшая праўда пра Бога
Падчас Нядзелі Божай Міласэрнасці перад намі паўстае праўда пра Бога, які з’яўляецца нашым міласэрным Айцом, і Езуса Хрыста, які гэтую міласэрнасць Айца засведчыў усім сваім жыццём і навучаннем, а на Кальварыі прыпячатаў уласнай крывёю. Праўду пра Божую міласэрнасць выяўляе абраз Езуса Міласэрнага: на ім Хрыстус, з узнесенай у жэсце благаслаўлення рукой, як бы выходзіць з паўзмроку, паказваючы людзям сваё зраненае сэрца, з якога сыходзіць святло. Гэтыя прамяні хочуць агарнуць, ачысціць і сагрэць усіх.
Міласэрнасць — найпрыгажэйшая праўда пра Бога, пра тое, што Ён багаты ў міласэрнасці. Яго любоў хоча прабачыць кожнага, нават самы вялікі грэх, даючы шанс на распачацце новага жыцця. Няма большай сілы, чым любоў Бога да чалавека. Гэтая любоў перамагла ўсялякае зло, дала магчымасць вызвалення з няволі граху, надала сэнс цярпенню, пераадолела нават смерць. Велікодны перыяд найбольш адпавядае таму, каб з усіх сіл крычаць: Бог нас любіць!
Сапраўдная міласэрнасць сустракае чалавека
Кожны чалавек павінен паверыць у Мілаэрнасць! Паверыць, прасіць аб ёй… і аказваць гэтую міласэрнасць. Гэтага патрабуе ад яго сам Езус: будзьце міласэрнымі, каб спазнаць міласэрнасць (пар. Mц 5,7).
Адчуваючы міласэрнасць Бога, мы пакліканы аказваць міласэрнасць іншым. Сапраўдная міласэрнасць — як Божая — сустракае чалавека, падае яму руку, вяртае годнасць. Сапраўдная міласэрнасць абавязуе дзяліцца ёю з іншым, дапамагаць іншым, вяртаць сэнс жыцця. Міласэрнасць нікога не выключае і ні на каго не замыкаецца.
Святога Яна Паўла ІІ называюць «Папам міласэрнасці», таму што ён часта казаў аб тым, што нішто так не патрэбна чалавеку, як Божая міласэрнасць. Пасля смерці гэтага Папы прайшло ўжо 10 гадоў. Свету і сёння патрэбна Божая міласэрнасць: у войнах і катастрофах гінуць бязвінныя людзі, разрастаюцца збройныя канфлікты і войны…
Мы перажываем цяжкія часы, і нам застаецца толькі маліць аб міласэрнасці. Калі мы скарыстаемся з яе дару — а для Бога няма немагчымага — то можам стрымаць войны, тэрарызм, бо зменім сябе, зменім свет знутры.
Кс. Юрый Марціновіч
|