Хачу расказаць гісторыю поўнага і бясконцага даверу Езусу. А здарылася гэта гісторыя год таму. Як вядома, 27 красавіка 2014 года ў Рыме адбылася вялікая падзея – кананізацыя Яна Паўла II. Гэта Папа, якога любілі ўсе: і дзеці, і дарослыя, а асабліва моладзь.
Вернікі з усяго свету прыехалі ў Рым, каб прысутнічаць на гэтай урачыстасці. Ян Павел II – Святы з вялікай літары. Ён быў прыкладам для многіх людзей. Праз яго сведчанне любові да Бога Касцёл атрымаў шмат святароў і сясцёр законных. Можна сказаць, што дэвізам яго жыцця была Любоў. Любоў, якая можа чыніць цуды. Менавіта яна, Любоў, а таксама прабачэнне, якому заўсёды вучыў Святы, дапамагла навярнуцца многім людзям. І як знак удзячнасці за прыклад веры, тысячы і нават мільёны вернікаў сабраліся ў гэты час у Рыме. Не стала выключэннем і я.
Tолькі любоў можа нас збавіць
Святы Ян Павел II заўсёды казаў, што толькі любоў можа нас збавіць. Толькі дабро, якое асвячае сэрца чалавека, мае сілу змяніць свет. Яго словы: “Патрабуйце ад сябе большага, нават калі ўвесь свет ад вас гэтага не патрабуе” глыбока закранулі маё сэрца. Увогуле, св. Ян Павел II – заступнік моладзі. І таму прапанова с. Наташы, якая цяпер працуе ў Польшчы, а раней працавала ў Беларусі, удзельнічаць у гэтай пілігрымцы, стала для мяне вялікім падарункам.
Выехаць у Рым планавалася з Польшчы. Пілігрымка арганізоўвалася спецыяльна для моладзі з Усходу. Больш за 130 чалавек з Украіны, Беларусі, Расіі і нават Казахстана пакінулі свае справы дома, на працы, на вучобе і некалькі дзён былі ў дарозе толькі да Польшчы, а перад намі была яшчэ дарога ў Рым. І мы нават не звярталі ўвагі на стомленасць, усім проста хацелася прысутнічаць у гэты момант разам са сваім Вялікім Святым, кананізацыі якога чакалі некалькі год. І тут паўсталі цяжкасці, якіх мы не чакалі.
Аказалася, што арганізатар не заплаціў за цягнік да Рыма, але сказаў, што мы павінны паехаць у Чэнстахову, а адкуль накіруюцца заказаныя ім аўтобусы ў Рым. І мы вырушылі ў дарогу. Пяць гадзін – і мы ў Чэнстахове. Тут зноў чакалі нас новыя непрыемнасці. Прастаяўшы каля чатырох гадзін на плошчы перад касцёлам св. Барбары, мы так і не дачакаліся абяцаных аўтобусаў. Думкі наконт таго, што пілігрымка будзе адменена, сталі жывой рэчаіснасцю. Усе размовы навокал былі толькі пра тое, што трэба вяртацца дадому, да сваіх справаў...
Для Бога няма нічога немагчымага
Па-чалавечы паверыць у тое, што пілігрымка ўсё ж такі адбудзецца, было цяжка. Многія пачалі ўжо правяраць рух цягнікоў у інтэрнэце і збірацца дадому…
Але не... Ціхі шэпт Езуса ў сэрцы і вера казалі: “НЕ”! Не – усім цяжкасцям і акалічнасцям. Сэрца ціха шаптала, што не можа так быць, калі столькі выпрабаванняў было намі пройдзена, і Бог даў нам іх проста так. Сэрца шаптала, а акалічнасці крычалі. Але гэтаму крыку верыць не хацелася.
У глыбіні душы была тая надзея, што ўсё гэта не просты выпадак, не збег якіх-небудзь акалічнасцяў. І таму я разам з сёстрамі пачала маліцца Вяночкам да Божай Міласэрнасці. Пазней групка тых, хто моліцца, пачала павялічвацца, і надзея ўжо не была недзе глыбока. Яна расправіла крылы, але толькі не магла ўзляцець… Пасля малітвы я падышла да сястры, якая ўвесь час не выпускала з рук мабільнага тэлефона з мэтай дапамагчы дайсці да мэты нашай пілігрымкі.
Сёстрам у той момант была дадзена вялікая роля ў аднаўленні гэтай пілігрымкі, а таксама прыкладу таго, што менавіта хацеў паказаць нам Езус. Нам, людзям, ніколі на пачатку не зразумела ўся карціна таго, што Ён хоча паказаць. Таксама не была вядома і гэта гісторыя. Мы проста павінны былі паверыць Яму, а не збегу акалічнасцяў, паверыць таму, што для Яго няма нічога немагчымага. Але гэта часамі даецца вельмі складана… Бог – гэта добры настаўнік. Тых, хто з Ім да канца, Ён не пакіне.
Трэба паверыць да канца
“Трэба страціць усё, каб атрымаць усё”. І сапраўды. Сілаю спачатку глыбокай веры сясцёр, праз якіх, я веру, дзейнічаў сам Езус, на наступны дзень з раніцы ўсё ж такі ўдалося аднавіць пілігрымку ў Рым. Праўда, тых, хто паверыў да канца, засталося меншая палавіна, але ж сваю ўзнагароду ад Езуса, а таксама і ад св. Яна Паўла II, мы атрымалі.
Калі мы прыехалі ў Рым, у нас заставалася не больш як паўгадзіны да пачатку Імшы. Хутка даехалі да плошчы св. Пятра і паспелі на Імшу. А пасля здарыўся адзін з самых цікавых момантаў. Нам удалося ўбачыць Папу Францішка, які праязджаў блізка нас. І ў гэты момант усе мы адчулі, што пілігрымка поўнасцю споўнілася. Ніхто не помніў пра цяжкасці, нас перапаўнялі радасць і вера. Вера ў тое, што Езус заўсёды перамагае, нягледзячы ні на што.
Вікторыя Пабудзей
|