80 гадоў таму ў Вільні ўпершыню быў прадстаўлены абраз Езуса Міласэрнага |
Каляндар |
28.04.2015 17:10 |
У гэтыя дні адзначаецца 80-я гадавіна першага публічнага ўшанавання абраза Езуса Міласэрнага, які быў намаляваны паводле візіі святой сястры Фаўстыны. Абраз Езуса Міласэрнага, намаляваны мастаком Яўгенам Казіміроўскім, дзякуючы намаганням кс. Міхала Сапоцькі, быў упершыню выстаўлены ў акне ўнутранай галерэі ў Вострай Браме ў час трыдуума перад урачыстасцю заканчэння Юбілею Адкуплення свету 26-28 красавіка 1935 года. Гэтая ўрачыстасць супала з першай нядзеляй пасля Вялікадня, якая, адпаведна з пажаданнямі Пана Езуса, выказанымі сястры Фаўстыне, павінна быць святам Божай Міласэрнасці. Пазней абраз знаходзіўся ў віленскім касцёле св. Міхала, рэктарам якога быў кс. Міхал Сапоцька. У красавіку 1935 г. свет упершыню ўбачыў абраз Езуса Міласэрнага, які звяртаў на сябе ўвагу ўсіх больш, чым абраз Маці Божай Вастрабрамскай. Важнейшым, аднак, было тое, што нябачнае для вока і што магла ў сваім містычным досведзе перажыць св. сястра Фаўстына. Пасля гэтых урачыстацяў яна адзначала найперш, што было споўнена жаданне Езуса. У “Дзённіку” яна напісала: «Дзіўна атрымалася — як Пан жадаў, так і выйшла, што ўпершыню натоўпы людзей ушанавалі гэты абраз менавіта ў першую нядзелю па Вялікадні. Тры дні гэты абраз быў выстаўлены для публічнага агляду і публічна ўшаноўваўся, паколькі быў змешчаны ў Вострай Браме, у верхняй частцы вакна, і таму яго было бачна здалёк. У Вострай Браме ў тыя тры дні ўрачыста адзначалася заканчэнне Юбілею Адкуплення свету — 1900-годдзе з часу Крыжовай мукі Збаўцы. Цяпер я бачу, што справа адкуплення звязана са справай Міласэрнасці, якой жадае Пан» (Дз. 89). Далей сястра Фаўстына пісала ў “Дзённіку”, што бачыла, як жывы Езус выйшaў з гэтага абраза і ішоў над горадам, a горад быў завешаны сеткаю і сецямі. «Калі Езус прайшоў, Ён прарваў усе сеці, а напрыканцы ўчыніў вялікі знак святога крыжа і знік» (Дз. 416). У апошні дзень урачыстасцяў, калі святар удзяляў благаслаўленне Найсвяцейшым Сакрамэнтам, святая Фаўстына зноў убачыла Езуса ў такой постаці, як на абразе. Ён удзяліў благаслаўленне, і праменні разышліся на ўвесь свет. Сёння абраз Езуса Міласэрнага ўшаноўваецца ў касцёлах ва ўсім свеце. Абраз Езуса Міласэрнага, намаляваны мастаком Яўгенам Казіміроўскім ў цяжкія для Касцёла часы, быў на працягу 30 гадоў укрыты ў адной з найменшых парафій Гродзенскай дыяцэзіі. З 1956–1986 гг. ён захоўваўся ў парафіі ў Новай Рудзе каля Гродна. Кс. Юрый Марціновіч |