Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
95 гадоў таму нарадзіўся святы Ян Павел ІІ
Каляндар
18.05.2015 14:25

Вадавіцы. 1920 год

18 мая ў сям’і вайсковага служачага Караля і швяі Эміліі нарадзіўся хлопчык. Гэта было трэцяе дзіця ў сям’і Вайтылаў, якая на той час жыла вельмі сціпла. І толькі Богу было вядома, што ў гэты дзень у польскіх Вадавіцах нарадзіўся будучы Папа Рымскі, якому былі наканаваны вялікія рэчы.

Перад маленькім Лёлекам у сям’і нарадзіліся Эдмунд і Вольга. Дзяўчынка памерла адразу пасля нараджэння. Эдмунд жа ў будучым стаў урачом, але, заразіўшыся ад хворага шкарлятынай, памёр у маладым узросце.

Крыху больш чым праз месяц пасля нараджэння — 20 чэрвеня 1920 года — Караль Вайтыла быў ахрышчаны кс. Францішкам Жакам, вайсковым святаром.

Будучы Папа Рымскі атрымаў сваё імя ў гонар благаслаўлёнага Караля Габсбурга, апошняга цэзара Аўстрыі.

Які Лёлек быў у дзяцінстве?


Маленькі Караль, альбо Лёлек, быў таленавітым і спартыўным хлопчыкам, якому падабалася граць у футбол і катацца на лыжах. Ён пазнаваў наваколле ў шматлікіх маленькіх і вялікіх падарожжах па ваколіцах Вадавіц, у якіх вельмі часта ён быў разам з татам.

Ды і як Караль Вайтыла напісаў, «прыклад майго айца быў якойсьці першай хатняй семінарыяй». Ён прыгадваў, што неаднойчы, калі прачынаўся ўначы, то бачыў бацьку, які стаяў на каленях і маліўся. Прыгадваў, што ніколі з бацькам не размаўлялі пра святарскае пакліканне, але бацькоўскае стаўленне да жыцця і веры само дало свой вынік.

Тата ў 1932 годзе стаў стаў адзіным апекуном Караля, бо на той час памёр яго старэйшы сын Эдмунд, а жонкі Эміліі не стала яшчэ раней — у 1929 годзе.

«Маці я страціў яшчэ перад Першай Камуніяй, калі меў 9 гадоў, і таму памятаю яе менш і ў меншай ступені ўсведамляю яе ўклад у маё рэлігійнае выхаванне, а быў ён, з упэўненасцю можна сказаць, вельмі вялікі», — прыгадваў пазней Ян Павел ІІ.

Пасля смерці маці жыццё было яшчэ больш складаным, сям’я часцей сталавалася ў суседзяў.

Калі Лёлеку было 10 год, ён стаў міністрантам. Аднойчы бацька зрабіў сур’ёзную заўвагу сыну, якую ён запомніў на доўгі час.

«Мой бацька, заўважыўшы маю недысцыплінаванасць, аднойчы мне сказаў: “Ты не добры міністрант. Ты не молішся дастаткова да Святога Духа. Ты павінен да Яго маліцца». І паказаў мне адмысловыя малітвы.

Я не забыўся на іх. Гэта быў важны духоўны ўрок, больш трывалы і моцны, чым усе астатнія, якія я меў пазней. З якім перакананнем ён тады прамовіў да мяне! Яшчэ дагэтуль я чую яго голас. Вынікам таго ўроку з дзяцінства з’яўляецца мая энцыкліка пра Святога Духа», — узгадваў пазней Святы Айцец.

Яшчэ адной старонкай у дзіцячым і юнацкім жыцці было захапленне тэатрам. З верасня 1930 года Караль вучыўся ў мужчынскай гімназіі імя Марціна Вадавіты і падчас вучобы ўдзельнічаў у аматарскім тэатральным коле.

Караль быў вельмі актыўным маладым вернікам. Прымаў удзел ва ўсіх касцёльных практыках, служыў міністрантам. Шмат гадоў быў старшынёй Марыянскай супольнасці вучняў гімназіі, увесь час працягваў займацца тэатрам.

Вытрымка і цярплівасць, уменне бачыць каштоўнасць у вучобе і малітве, а галоўнае - у людзях, закладваліся ў зусім не «бесклапотным дзяцінстве», якое гартавала і загартоўвала маленькага Лёлека на Караля.

Хтосьці бачыў у ім вялікага актора і дэкламатара, можа, паэта, пісьменніка, палітыка. А Бог убачыў у ім свайго Апостала, які ў рэшце рэшт замяніў Пятра.

Адказаўшы Богу на святарскае пакліканне, ужо старанна вывучаючы мовы на філалагічным факультэце, Караль змяніў філалогію на тэалогію. І па сутнасці, усе тыя здольнасці, якімі быў шчодра адораны Богам, знайшлі сваё яскравае прымяненне ў святарстве.

Святарстве, якое стала для яго вялікім дарам і адначасова таямніцай.

(AYU)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.