Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Святыя пакутнікі з Уганды нагадваюць пра каштоўнасць свабоды і годнасці
Каляндар
03.06.2015 00:00

Уганда - краіна далёкая ад Беларусі і амаль невядомая. Аднак як мінімум раз на год Каталіцкі Касцёл заклікае згадаць пра нашых хрысціянскіх братоў і сёстраў, якія жылі і жывуць там. Гэта адбываецца 3 чэрвеня, калі мы сустракаем у літургічным календары ўспамін святых Караля Луангі і ягоных паплечнікаў.

У 1880-х гадах, калі быццам у свеце імкліва пашыраліся адукацыя і рацыяналізм, Уганда яшчэ заставалася мядзведжым кутом, і часткай гэтага кута кіраваў кароль Мванга. Краіна дагэтуль жыла традыцыйным для яе паганствам, захоўваліся адпаведныя звычаі, аднак у яе пачалі пранікаць каталіцкія і пратэстанцкія місіянеры, да якіх пацягнуліся многія юнакі пры каралеўскім двары, прагныя да новых ведаў і да новага кшталту чалавечай годнасці, які прапаноўвае Хрыстус.

Імклівае распаўсюджванне хрысціянства кідала выклік дэспатычнай уладзе - па мясцовых традыцыйных уяўленнях кароль быў валадаром жыцця і смерці сваіх падданых і мог забіць за невыкананне любога са сваіх жаданняў. Місіянеры ж вучылі, што кожная асоба нараджаецца свабоднай і мусіць падпарадкоўвацца толькі Богу, запаветы якога вышэй за ўладу любога караля, імператара і прэзідэнта.

Непасрэднае сутыкненне паганскага звычаю і хрысціянскага ідэалу адбылося ў 1886 годзе, калі Мванга загадаў сваім пажам задаволіць ягоныя гамасексуальныя жаданні. Калі адзін за адным маладыя людзі пачалі адмаўляцца, дэспат быў раз'юшаны - ён убачыў у хрысціянах парушальнікаў сваіх "законных" правоў. Караля падтрымалі і правадыры плямёнаў - яны ж таксама былі дэспатамі трохі меншага маштабу ў сваіх мясцінах.

У той час Караль Луанга (тады яму было 20-26 год) служыў пры каралеўскім двары, ужо быў католікам, вучыў хрысціянству і хрысціў моладзь пры двары. Калі 26 мая раззлаваны кароль сабраў прыдворных і пачаў пытацца, хто з іх хрысціянін, Луанга і 22 маладыя чалавекі з ім прызналіся, што вераць Хрысту, і адмовіліся адракацца ад сваёй веры.

Забойствы цягнуліся некалькі дзён, а 3 чэрвеня каралеўскія слугі спалілі жыўцом асноўную частку пакутнікаў, большасці з якіх было ад 15 да 30 год.

Папа Бэнэдыкт XV беатыфікаваў Караля Луангу і ягоных паплечнікаў у 1920 годзе, а папа Павел VI кананізаваў іх у 1964, прызначыўшы літургічны ўспамін на 3 чэрвеня. У 1968 годзе на месцы, дзе былі забітыя маладыя хрысціяне, была пабудавана базыліка Угандзійскіх Пакутнікаў.

Святыя пакутнікі Уганды, маліцеся за нашу беларускую моладзь, каб яна гэтак, як вы, цаніла сваю чысціню, годнасць дзяцей Божых і духоўную свабоду!

Аляксандр Гелагаеў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.