Ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса будзе адзначацца Дзень святасці святароў |
Каляндар |
11.06.2015 12:01 |
12 чэрвеня будзе адзначацца Дзень святасці святароў. Ён заўсёды будзе cвяткавацца ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Адпаведнае рашэнне прыняла адносна ўказання Кангрэгацыі па справах Духавенства Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на 57-м пленарным пасяджэнні 17 чэрвеня 2014 г. у Мінску. Біскупы пастанавілі, каб у літургічных календарах усіх дыяцэзій было пазначана, што Дзень святасці святароў адзначаецца ва ўрачыстасць Найсвяцейшага Сэрца Езуса, якая ў гэтым годзе прыпадае на 12 чэрвеня. Касцёл заахвочвае вернікаў у гэты дзень да малітвы за святароў, каб тыя сваім штодзённым жыццём давалі добрае сведчанне ўсім людзям, а праз спаўненне свайго штодзённага служэння імкнуліся да святасці, да якой усе былі закліканы Езусам, які сказаў: «Будзьце дасканалымі, як дасканалы Айцец ваш Нябесны» (Мц 5, 48). Святары пакліканыя, каб асаблівым чынам абвяшчаць Евангелле сучаснаму свету, што ў сваю чаргу абавязвае іх саміх жыць Божым Словам. Святары павінны мець з Божым Словам бесперапынны кантакт (малітва, адпраўленне набажэнстваў, пасвячэнне як стыль жыцця), абавязаны няспынна вучыцца (адукацыя, фармацыя, самаўдасканаленне, духоўнае кіраўніцтва, апека і кантроль з боку настаяцеляў), павінны берагчы сваю годнасць ці захоўваць адпаведныя паводзіны і паставу ў межах свайго стану (цэлібат, вызначаны стыль адзення, асаблівы стыль жыцця, адасабленне, рэкалекцыі, адпачынкі і вольны час не вызваляюць ад правядзення цырымоній і абавязковых малітваў). Святар - гэта той, які па-сапраўднаму днём і ноччу павінен чуваць, працаваць і служыць. Гэта той, пра каго Езус Хрыстус кажа: «Я даў вам прыклад, каб і вы так рабілі, як Я вам учыніў». (JM) |