Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Шчырая, як сонца, чыстая, як раніца...» 14 кастрычніка адзначаецца Дзень маці
Каляндар
14.10.2015 06:34

«Нада мною мама — верніца й дарадніца, шчырая, як сонца, чыстая, як раніца...» Р. Барадулін.

Рука першакласніцы Каці, якая яшчэ ўчора намалявала на лістку паперы зялёны алоўкавы малюнак пра Божае Нараджэнне і распавядала ўсім пра мужнага Юзафа, ласкавую Маці Божую і Езуса ў яслях, і зорку, якую большасць іншых вучняў назваць Бэтлеемскай не маглі, бо яшчэ не ведалі, цягнулася да чорна-белай ілюстрацыі ў кнізе...

...А там была намалявана вуглём беларуска, хіба пачатку дваццатага стагоддзя, якая ў драўляных, хто сказаў з дзяцей, “як у начоўках”, калыхала немаўля ў калысцы...

Так, той калысцы, якую вы пашукаеце, калі патрапіце ў музей Янкі Купалы ў Вязынцы, напрыклад... А можа, дзесьці адшукаеце такую на старым гарышчы бабулінай ці прадзядулевай хаты...

Каця падышла і, паказаўшы на жанчыну з немаўлём, спытала: «А гэта таксама Маці Божая з Езусам?»

«Гэта, Каця, проста беларуска з дзіцём сваім, — адказала я, — але, сапраўды, кожная маці, якая калыхае дзіця — Мадонна, і, канешне, вельмі падобная да Маці Божай».

Дзеці, якія стаялі побач, прыціхлі і глядзелі доўгіх секунд пяць на чорна-белы малюнак маці.

«Паглядзіце на яе рукі, — працягвала Каця, — яны тонкія, яны худыя, яна шмат працуе, напэўна, каб усім хапала ўсяго...» І дзеці глядзелі, потым іх позіркі перакінуліся да іншых малюнкаў, фотаздымкаў, і спыніліся на старэнькай бабулі...

«А бабуля таксама мама! — дадаў Ромка. — Таму і яна тут, заслужыла...»

Гэта былі апошнія словы дзяцей каля малюнкаў з рознымі жанчынамі, якія адмыслова да свята маці — 14 кастрычніка — маладая бібліятэкарка зладзіла ў школьнай чытальнай зале... Дзеці пабеглі перагортваць усё, што трапляла ім у поле зроку бібліятэчнай прасторы...

А я перагартала зборнік Рыгора Барадуліна “Аnima”, з думкаю, што як жа шмат можа пісаць мужчына, сын, пра сваю Маці, веру і Айчыну... Хіба больш, чым жанчына-паэтка?..

Для нас у вечнай спадчыне яго словы пра маці:

«Ма-ма –
У двух паўтораных гуках
Свет увесь у радасці й муках...»

«У роднай хаце спаконна
Маці – другая жывая ікона».

«У небе зоркі раяцца і раяцца.
На гэтым свеце людзі чужыя.
Як родныя сёстры – Мама і Раніца».

«Нада мною мама –
верніца й дарадніца,
Шчырая, як сонца,
Чыстая, як раніца...»

А між тым як яно — матуляй быць зараз, сучаснай матуляй і верніцай? І цяпер ад паэтаў-мужчын слова перакідваецца да іх — сённяшніх матуляў — хто зараз спазнае ласку быць маці, каб потым калісьці, можа, ад сыноў сваіх ці дачок такія словы атрымліваць, але ж перад гэтым шлях яшчэ доўгі і вялікі...


Святлана Жылевіч,
мама двухгадовага Мацея-Аўгусціна, дзеліцца з чытачамі, як яно — “быць матуляй” зараз:

«Быць маці — гэта вялікае заданне для мяне як мінімум на 18 гадоў жыцця дзіцяці. Гэта праца над сабой, пастаянны пошук, штодзённы рахунак сумлення і жаль за грахі, здзейсненыя ў адносінах да свайго дзіцяці.


Выхаванне — гэта самавыхаванне і ўзаемавыхаванне. Бо што яшчэ можа так спыніць гнеў, як не сыноўе: «Мама, не ругайся».

Быць добрай маці — значыць пастаянна змагацца з уласным эгаізмам і лянотай (чытаць казку па тры, а то і шэсць разоў запар), умець вырашаць праблему і непаслухмянасць праз слова, а не праз крык.

Быць маці — гэта клапаціцца, браць на сябе адказнасць, прытуляць і дзьмуць на пабітую каленку, калі гэта і праўда дапамагае.

Гэта проста быць побач. А, можа, наадварот — даць быць самастойным, пакінуць аднаго, не перашкаджаць дзіцячым планам.

І хоць быць ДОБРАЙ маці вельмі складана, але ж і цудоўна. Бо нішто ў свеце не параўнаецца з тым, КАГО мы выхоўваем і хто змяняе нас саміх. З пухлымі шчочкамі сынулі, з яго шчырым абдымкамі і смехам; і, спадзяюся, з радасцю за добрае выхаванне свайго дзіцяці ў будучыні.

Але для мяне мацярынства не большае за айцоўства.

Быць маці — не больш ганарова і адказна, чым быць бацькам. У кожнага сваё заданне, і толькі разам можна раскрыць патэнцыял дзіцяці, даць добры штуршок у самастойнае жыццё».


Вось такая яна — мама...

Як кажа дзядзька Рыгор з нябеснага далягляду:

«Мама — пасярэдніца між Богам і сынам — дзеліцца небам і хлебам адзіным»…

Віншуем усіх матуляў!

Няхай Бог благаслаўляе, атуляе, ахінае…Так, як Вы сваё дзіця, хай гартуе да Жыцця!

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.