Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У дзень апекуна ратавальнікаў здароўя прапануем некалькі прынцыпаў маладога ўрача і пілігрыма
Каляндар
18.10.2015 05:10

18 кастрычніка — успамін святога Лукі, апекуна ўсіх тых, хто ў сваім жыцці абраў прафесію ратаваць здароўе чалавека, «людзей у белых халатах», ратавальнікаў цела і душы.

Пакліканне ўрача — пакліканне да служэння. І праз гэтае патрабаванне прафесіі, якая вымагае не толькі прафесіяналізму, але і прагнення служыць, пакліканне ўрача падобнае да паклікання святара, манахіні ці манаха, настаўніка, вайскоўца.

І хіба без гэтага прагнення «служыць» сапраўдным урачом быць немагчыма.

Як дзеліцца малады прафесіянал у гэтай вобласці — Ганна Блажэвіч, каталічка родам з Віцебшчыны, горада Мёраў, гэта праца сапраўды складаная.

Крыху пра Ганну

Ганна — заўсёды добразычлівы і радасны чалавек, якога каталіцкая моладзь Віцебшчыны, і не толькі поўначы Беларусі, ведае як дзяўчыну, што цудоўна спявае, асабліва калі справа тычыцца пілігрымак, у якія Ганна ходзіць з дзяцінства...

Па дарозе ў Росіцу. Ганна Блажэвіч з Кацярынай Александровіч

Ганна: «Стаж працы ў мяне вельмі маленькі... 6 год універсітэта і два з паловай месяцы інтэрнатуры. Скажу шчыра, праца ўрача — складаная праца.

Хоць я думаю, што калі працаваць, то на кожнай працы свае цяжкасці. Мая ж праца звязана непасрэдна з людзьмі, якія ўсе вельмі розныя і да кожнага трэба знайсці свой падыход...

Пра прынцыпы маладога ўрача

Вопыт мой зусім маленькі, і для ўрачоў са стажам, магчыма, мае прынцыпы будуць дзіўнымі і смешнымі (як гаворыцца, юначы максімалізм), але ж...

Усе мы роўныя

Я лічу, што самае галоўнае - ў кожнай сітуацыі заставацца чалавекам, нягледзячы на асобу, сацыяльны статус. Кожнага з нас стварыў Бог і ўсе мы роўныя...

Таксама быць чулым і адкрытым на іншага чалавека, бо калі пацыент табе не давярае, то сэнсу ад лячэння не будзе.

Міласэрнасць

Таксама я лічу, што ўрач павінен быць міласэрным. Можа, гэта дзіўна гучыць, але міласэрнасці ў медыцыне становіцца ўсё менш і менш...

Уважлівасць і ўменне прасіць парады ў старэйшых калег

Для ўрача важна таксама быць уважлівым, на 50% сур'ёзным, а на 50% пазітыўным, і несці дабро сваім пацыентам... І яшчэ лічу, што для ўрача важна пастаянна павышаць свае веды праз медыцынскую літаратуру і вопыт іншых. І тут галоўнае не саромецца казаць, што ты штосьці не ведаеш, і не саромецца прасіць дапамогі ў старэйшых і больш мудрых калег».

На пытанне, ці дапамагае ў прафесіі яе рэлігійнае выхаванне ў каталіцкай сям’і і якім чынам, Ганна адзначае, што «дапамагае разам з хрысціянскім ладам жыцця на ўсе сто працэнтаў», дадаючы:

«І гэта немагчыма апісаць словамі... Проста я адчуваю, што Бог кіруе мной, кіруе маёй працай...»

Няхай жа Божую прысутнасць і важнасць свайго паклікання праз сваё служэнне праносіць кожны ўрач, кожны медыцынскі супрацоўнік, памятаючы, што гэта не толькі праца, але і дар служыць і рэанімаваць як цела, так і душу.

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.