Сёння Сусветны дзень місій: Беларусь мае патрэбу ў місіянерах са свету, а свет — у місіянерах з Беларусі |
Каляндар |
18.10.2015 05:47 |
18 кастрычніка ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца Сусветны дзень місій. У 1926 годзе Папа Пій ХІ вырашыў, што гэты дзень будзе адзначацца ў перадапошнюю нядзелю кастрычніка. «Місія выканана», альбо «місія скончана», альбо «місію выканаць немагчыма»... Місію часамі называюць прызначэннем, задачай, даручэннем, пасланніцтвам і заданнем, крыжам, пасланнем. Хрысціянская місія — гэта адна з формаў дзейнасці Касцёла, галоўнай мэтай якой з'яўляецца заснаванне новых хрысціянскіх супольнасцяў. Міжкультурныя місіянеры і місіянеркі — гэта тыя людзі, якіх Хрыстус кліча абвяшчаць Евангелле людзям адрозных ад іх саміх культур, сацыяльных становішчаў, рэлігій. Аднак місіянеры не ставяць за мэту, каб тыя асобы і народы, якім яны служаць і нясуць Добрую Навіну пра Хрыста, змянялі сваё веравызнанне. У сёлетнім пасланні на Сусветны дзень місій Папа Францішак яшчэ раз падкрэсліў, што місіянерства з'яўляецца не празелітызмам, але дзяленнем любоўю да Хрыста, людзей і Евангелля. Таксама ў сваім пасланні Пантыфік звярнуў увагу на блізкую сувязь паміж місіянерствам і кансэкраваным жыццём, нагадваючы, што, ідучы за Хрыстом, чалавек не можа не стаць місіянерам. Асабліва адзначыў Папа важную ролю свецкіх вернікаў і моладзі ў місіі Касцёла. Святы Айцец заклікаў кансэкраваных асобаў уключаць у місійную дзейнасць свецкіх людзей, адкрытых на супрацоўніцтва і гатовых прысвяціць гэтай справе прынамсі невялікую колькасць часу. Наша краіна — гэта тэрыторыя, на якую прыязджалі і прыязджаюць місіянеры, зрэдку яна дае сваіх місіянераў, якія з мэтай дзялення любоўю Хрыста і Яго словам выпраўляюцца на місіі ў іншыя краіны.
Неаднаразова місіянеры сутыкаюцца з пэўнымі цяжкасцямі прабывання і працы на тэрыторыі Беларусі, аднак тая праца, якую яны выконвалі і выконваюць, заўсёды вельмі абуджальная і натхняльна дзейнічала на наш народ. Беларусь яшчэ патрабуе місіянераў з іншых краін, як і свет патрабуе беларускіх місіянераў, каб прыняць Божае Слова і праз беларускую, стрыманую і сціплую душу. І няхай місія будзе выканана... Падрыхтавала Аксана Ючкавіч |