20 лістапада адзначаецца дзень будучыні — Сусветны дзень дзіцяці |
Каляндар |
20.11.2015 09:13 |
20 лістапада ўвесь свет святкуе дзень сваёй будучыні, якая, і ніхто з гэтым не паспрачаецца, у дзецях. ААН прапанавала адзначаць Сусветны дзень дзіцяці 20 лістапада ў сувязі з тым, што два галоўныя дакументы па абароне правоў нашай «будучыні» былі прыняты якраз у гэты дзень. Спачатку гэта была «Дэкларацыя правоў дзіцяці» (1959 г.) і пазней «Канвенцыя правоў дзіцяці» (1989 г.). На сёння Канвенцыю ратыфікавалі амаль усе краіны свету. Дзякуючы ёй ва ўсіх рэгіёнах свету ўносяцца змены ў заканадаўства, пераглядаецца палітыка і змяняецца стаўленне да дзяцей, якія зараз надзелены ўласнымі правамі, а таксама змяняюцца падыходы да дзейнасці, накіраванай на падтрыманне гэтых правоў. Як адзначаюць прадстаўнікі ААН, на жаль, «мы не можам казаць пра тое, што правы ўсіх дзяцей выконваюцца, калі ў 2013 годзе, нягледзячы на дасягнуты прагрэс, памерла каля 6, 3 мільёнаў дзяцей ва ўзросце да пяці год, хоць іх смерць у асноўным можна было папярэдзіць; калі ў 2012 годзе былі вымушаны працаваць 168 мільёнаў дзяцей ва ўзросце ад 5 да 17 год; калі 11 працэнтаў дзяўчынак выдаецца замуж да дасягнення 15-гадовага ўзросту». Сацыяльнае вучэнне Касцёла заўсёды ўказвае на неабходнасць павагі да годнасці дзіцяці: «У сям’і, супольнасці асоб, трэба ўдзяляць належную ўвагу дзіцяці, глыбока паважаючы яго асабістую годнасць, захоўваючы і велікадушна адстойваючы яго правы». «Ніякая краіна свету, ніякая палітычная сістэма не можа ўявіць сваю будучыню без вобразу гэтых новых пакаленняў, якія ад бацькоў прымуць разнастайную спадчыну каштоўнасцяў, абавязкаў і імкненняў нацыі, да якой належаць, і ўсёй чалавечай сям’і», — адзначаецца ў Кампендыі сацыяльнага вучэння Касцёла. Папа Францішак перад Днём дзіцяці заклікаў усю грамадскую супольнасць ставіць дабро дзяцей вышэй за ўсё іншае ў свеце. Аксана Ючкавіч |