Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Жан Ванье — той, хто запрашае «сведкаў Любові Бога» ў «Каўчэг»
Каляндар
03.12.2015 13:26

3 снежня сусвет адзначае Міжнародны дзень людзей з абмежаванымі магчымасцямі. З гэтай нагоды звяртаем увагу на асобу Жана Вінье, які ў свой час звярнуў сваю ўвагу на тых, хто найбольш меў у гэтым патрэбу, і заснаваў цэлы рух, які зараз дзейнічае ў 80 краінах свету.

«Дарагія сябры з абмежаванымі магчымасцямі, вы вельмі каштоўныя для Касцёла. Будучы побач з Езусам і Марыяй, вы з'яўляецеся прывілеяванымі сведкамі любові Бога да кожнага з нас», — сказаў Папа Францішак, звяртаючыся да ўдзельнікаў каталіцкага руху «Вера і святло» падчас адной з аўдыенцый.

На сённяшні дзень супольнасць «Каўчэг» і «Вера і святло», якія заснаваў Жан Ванье, існуе ў 80 краінах свету і налічвае каля 1,5 тысяч удзельнікаў.

Гісторыя заснавання

У 1964 годзе Жан Ванье набыў невялікі дом у вёсцы Тролі-Брэй пад Парыжам і пасяліўся там з двума разумова адсталымі людзьмі з інтэрната. Такім чынам быў пакладзены пачатак асабліваму тыпу супольнасцяў для разумова адсталых людзей пад назвай «Каўчэг», а крыху пазней супольнасцям пад назвай «Вера і Святло» — руху сем'яў з разумова адсталымі людзьмі і іх сяброў.

Асоба Жана Ванье

Заснавальнік, якому на сённяшні дзень 88 гадоў, жыве ў створанай ім супольнасці ў Тролі, сустракаецца з людзьмі і дзеліцца з імі тым, што адкрыў яму Бог праз сваё Слова і яго супольнасць, піша кнігі і артыкулы, прымаючы ўдзел у лёсах самых бедных людзей нашай планеты.

У маладосці Жан Ванье, сын вядомага дыпламата, быў афіцэрам марскога флоту і служыў на авіяносцы. Прыйшоўшы да высновы, што вайной нельга дапамагчы людзям, пакінуў службу і стаў вывучаць і пазней выкладаць філасофію.

Па меркаванні многіх, так былы афіцэр стаў хрысціянскім тэолагам і прапаведнікам, аўтарам, якога чытаюць і цытуюць. Сярод ягоных кніг — «Увайсці ў таямніцу: Езус у Евангеллі паводле Яна», «Кожны чалавек — святая гісторыя», «Знайсці свет».

З выказванняў і публікацый заснавальніка

«Жывучы ў "Каўчэгу", я шмат што зразумеў пра адзіноту, аб пачуцці прыналежнасці і душэўным болі, які ўзнікае па прычыне адкінутасці. У адносінах з разумова адсталымі людзьмі я стаў глыбей разумець, што значыць быць чалавечным. Камусьці можа здацца дзіўным, што слабыя і адкінутыя аказаліся маімі настаўнікамі».


«Заходзіш у дзіцячае аддзяленне якога-небудзь шпіталя і бачыш маленькіх дзяцей, якія больш не крычаць. Яны знаходзяцца ў такім стане, што ўсё трымаюць у сабе. Яны ведаюць, што ім ніхто не адкажа на іх крык. Маўчаць ім здаецца больш бяспечна, чым крычаць і не атрымліваць адказу. Любы зачынены шпіталь, любая зачыненая ўстанова, дзе трымаюць людзей — жудасныя. Я ўбачыў там вельмі адзінокіх людзей. Адкінутых, тых, якія думаюць, што яны нікому не патрэбны...

Кожны з нас дзесьці ў глыбіні адчувае сябе адзінокім і адкінутым. Незалежна ад таго, у сужэнстве чалавек ці не, мы ўсё роўна адчуваем сваю няпоўнасць.Такая прырода чалавека. Аднак ва ўсіх нас ёсць і неверагодная патрэба ў любові, у тым, каб любіць і быць любімым. І гэтая патрэба — аснова жыцця чалавека, яго ратаванне...»

Іншыя ўрыўкі з яго кніг і артыкулаў можна знайсці тут»».

Аксана Ючкавіч

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.