Святы Мікалай |
Каляндар |
05.12.2015 23:55 |
Грэчаскае імя Мікалай азначае «пераможны народ» ад дзеяслова «нікеон» – перамагаць. Гэтае імя мае шмат аналагаў у еўрапейскіх мовах: Ніколас, Міклас(-ш), Клаус, Нікалаўш, Ніколь – што з'яўляецца таксама сведчаннем папулярнасці святога Мікалая ў Еўропе. Калі святы Мікалай быў абраны біскупам горада Міры (цяпер Дэмрэ), ён прыцягнуў сэрцы вернікаў не толькі стараннасцю пастыра, але перш за ўсё клопатам пра матэрыяльныя патрэбы ўбогіх і сірот. Калі імператар Канстанцін Вялікі асудзіў на смерць трох людзей за невялікае злачынства, святы Мікалай сам пайшоў ў Канстанцінопаль і выпрасіў ім у кесара прабачэнне. Таксама ён уратаваў сваёй малітвай рыбакоў падчас буры на моры, менавіта таму лічыцца апекуном маракоў і ўсіх падарожных. Калі ў Мірах была эпідэмія, ён служыў хворым, рызыкуючы ўласным жыццём. Легенда падае, што святы Мікалай уваскрасіў з памерлых трох людзей, забітых уладальнікам гасцініцы, таму што яны не маглі заплаціць за начлег.
Папа святы Грыгорый Вялікі ў жыццярысе святога Мікалая падае, што ён быў кінуты ў вязніцу падчас пераследванняў Дыяклетыяна на пачатку IV стагоддзя. Вызвалілі яго толькі пасля Міланскага эдыкту імператара Канстанціна Вялікага ў 313 годзе. Святы Мікалай прымаў удзел у першым Саборы 325 года ў Нікеі, на якім была асуджана ерась Арыя. Пасля доўгіх гадоў свайго біскупскага служэння Божаму люду святы Мікалай адышоў да Пана паміж 345 і 352 гадамі. Яго цела было пахавана ў Мірах, дзе спачывала да 1087 года. 9 мая таго ж года цела святога было перанесена ў італьянскі горад Бары, а 29 верасня адбылося ўрачыстае асвячэнне грабніцы, якое здзейсніў бл. Папа Урбан ІІ. Менавіта тут, пры труне св. Мікалая, у 1098 годзе праходзіў Сінод, мэтай якога было заключэнне уніі (саюзу) паміж усходнім і заходнім Касцёлам. Сярод 184 біскупаў – айцоў Сіноду – быў і св. Анзэльм Кентэрберыйскі, якога ў той час пераследвалі ў Англіі. У Бары ў базыліцы св. Мікалая захаваўся дакумент, які апавядае, як рэліквіі святога былі перанесены з Міраў, дзе ў той час панавалі ўжо туркі. Два святары Люпус і Грынаальдус падкупілі туркаў і ноччу вывезлі парэшткі, тым самым апярэдзіўшы венецыянскіх купцоў, якія таксама хацелі іх мець у сябе, даючы за іх вялікія грошы. Цяпер святы Мікалай з'яўляецца галоўным патронам Бары, нягледзячы на тое, што да яго быў ім святы Сабін.
У народнай каталіцкай традыцыі святы Мікалай лічыцца апекуном падарожных, дзяцей, дзяўчын на выданні, маракоў, рыбакоў, пекараў, а таксама вязняў. Ва ўсходнім Касцёле ён з'яўляецца святым «у кожнай справе», як святы Антоній у заходнім Касцёле. Па ўсім свеце распаўсюдзілася традыцыя рабіць падарункі або ў дзень памяці св. Мікалая, 6 снежня, або на Божае Нараджэнне. Усім нам вядомы звычай апранання ў святога Мікалая ў калядны ці навагодні час, калі добры святы прыносіць падарункі дзецям, хаваючы іх у шкарпэтцы пад падушкай. Нават Дзед Мароз у свецкай традыцыі – гэта постаць святога Мікалая, якую стварылі ў савецкія часы. Дзеці пішуць лісты ў Лапландыю, дзе жыве Санта-Клаус, каб ён, гледзячы на іх добрыя паводзіны, прыехаў да іх на санях, запрэжаных аленямі, і прывёз ім падарункі. Постаць святога Мікалая вельмі папулярная сярод мастакоў – сярод іх можна пералічыць Гадзі, Дрэерса, да Крэма, Цэпаля, Тыцыяна. Найстарэйшую выяву святога Мікалая можна ўбачыць у адным з касцёлаў у Бейруце – гэтая арабская фрэска паходзіць з VI ст.
Сучаснае жыццё, прасякнутае камерцыялізацыяй, малюе вобраз Санта-Клауса, які павінен прыехаць да нас на санях з Лапландыі і зрабіць падарункі. З гэтым звязана бегатня па магазінах і рынках, асабліва ў Адвэнт – час падрыхтоўкі да святаў Божага Нараджэння. Але не трэба забываць, што святы Мікалай – гэта вялікі хрысціянскі святы, які сапраўды існаваў, служачы Богу і людзям, і за святасць яго жыцця Бог даў яму сілу і моц заступацца за нас, слабых людзей, якія маюць патрэбу ў яго малітоўнай дапамозе. кс. Канстанцін Карака |