Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
5 снежня — Міжнародны дзень валанцёраў
Каляндар
05.12.2015 00:02

Хрысціянін не можа быць воддаль ад тых трагедый, з якімі сутыкаюцца канкрэтныя людзі і народы. Хрысціянін павінен будаваць і ратаваць: «Будуючы масты паміж культурамі і рэлігіямі, дапамагаючы ахвярам насілля, галодным дзецям, мігрантам і бежанцам, валанцёры спрыяюць міру», — адзначае Папа Францішак.

Крыху гісторыі

Спачатку валанцёрамі называлі выключна салдат-дабравольцаў.

Да канца ХVII стагоддзя ў большасці еўрапейскіх краін інстытут валанцёраў аформіўся ўжо ў паўнавартасныя калядзяржаўныя сістэмы вярбоўкі і тэрміновай мабілізацыі (у выпадку вайны) дабравольцаў. Гэтая сістэма выкарыстоўвалася для ўкамплектавання дапаможных ваенных падраздзяленняў. У Англіі армія камплектавалася ў асноўным з валанцёраў да Першай сусветнай вайны. Менавіта ў Англіі ў 1630-я гады слова «валанцёр» было ўпершыню ўжыта ў дачыненні да людзей, якія былі не звязаны з ваеннай службай.

І таксама ў Англіі ў 1844 годзе ўзнікла вядомая цяпер валанцёрская арганізацыя «Хрысціянская асацыяцыя маладых людзей», мэтай якой было развіццё «здаровага цела, розуму і душы». У 1851 годзе філіял гэтай арганізацыі з’явіўся ў ЗША, якраз перад Грамадзянскай вайной.

Паступова валанцёры, чыя дзейнасць была звязана з ваеннымі падзеямі, перайшлі на сацыяльную, грамадска-палітычную дзейнасць.

Чаму чалавек становіцца валанцёрам?

Сёння матывацыі быць валанцёрам адрозніваюцца ад тых, якія былі раней:

  • жаданне рабіць штосьці добрае, карыснае
  • патрэба новых кантактаў з людзьмі і знаёмстваў
  • жаданне быць патрэбным
  • жаданне аддзячыць дабром за ўчыненае калісьці дабро
  • жаданне здабыць новыя веды: прафесійныя, жыццёвыя
  • рэлігійныя памкненні

Між тым, праблема вайны на сённяшні дзень вельмі актуальная.

Святы Айцец звяртае асаблівую ўвагу на дзейнасць хрысціянскіх валанцёраў у краінах, дзе ідуць войны. На думку Папы, будуючы масты паміж культурамі і рэлігіямі, дапамагаючы ахвярам насілля, галодным дзецям, мігрантам і бежанцам, валанцёры спрыяюць міру ў гэтых краінах.

Таксама, як лічыць Пантыфік, неабходна супрацоўніцтва ўсіх бакоў — дзяржаўных устаноў, няўрадавых арганізацый і касцёльных супольнасцяў — для таго, каб спрыяць пабудове гарманічнага суіснавання розных народаў і культур. «Колькі людзей у свеце ратуецца ўцёкамі ад жахаў вайны! Колькі людзей пераследуецца па прычыне веры і змушана пакідаць свае дамы, храмы, зямлю, родных! Колькі зламаных жыццяў!» — засмучаны Папа Францішак. Хрысціянін не павінен праходзіць воддаль ад гэтых пакут і разбурэнняў, адзначае Пантыфік.

Падрыхтавала Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.