III Нядзеля Адвэнту — Нядзеля радасці |
Каляндар |
13.12.2015 00:01 |
III Нядзеля Адвэнту інакш называецца Нядзеляй Gaudete, ці Нядзеляй радасці. Святы Божага Нараджэння ўжо вельмі блізка, і Касцёл у вялікай радасці цэлебруе гэты дзень асаблівым чынам. Нядзеля Gaudete — гэта свайго роду абвяшчэнне блізкасці Збаўцы, што адначасова з’яўляецца запрашэннем да радасці. Імшальны фармуляр на гэтую нядзелю напоўнены тэкстамі аб радасці — у антыфоне на ўваход гаворыцца: «Радуйцеся заўсёды ў Пану. Яшчэ раз кажу: радуйцеся! Пан блізка» (Флп 4, 4-5). Традыцыя святкавання Нядзелі Gaudete паўстала ў часы, калі Адвэнт меў тыпова посны характар. Яе пачалі адзначаць як адпаведнік ужо ўзгаданай Нядзелі laetare. Тады яна мела характар перапынку ў посце, была адзіным радасным акцэнтам Адвэнту. Сёння, калі Адвэнт разумеецца як час радаснага чакання, яна становіцца найбольш кульмінацыйным пунктам гэтага перыяду, ясна выражаючы яго сапраўдную сутнасць. Аднак трэба зазначыць, што яшчэ больш мы будзем радавацца, калі адкрыем праўду аб тым, што Хрыстус прыходзіць да нас. Тады нас напоўніць радасць, якая вынікае з усведамлення таго, што Ён стаіць таксама каля дзвярэй нашага сэрца і стукае. III Нядзеля Адвэнту заахвочвае ўсіх вернікаў адчыніць дзверы сваіх сэрцаў Хрысту. Таму што найважнейшае адбываецца ў глыбінях чалавечага сэрца. Яно можа стаць Бэтлеемам, дзе спыніцца Эмануэль — Бог з намі. |