6 студзеня — урачыстасць Аб’яўлення Пана |
Каляндар |
06.01.2017 03:02 |
6 студзеня ў Касцёле адзначаецца ўрачыстасць Аб’яўлення Пана. Яна была вядома на Усходзе яшчэ ў ІІІ ст., а праз 100 гадоў свята пачалі адзначаць і на Захадзе. Гэты дзень называюць таксама «Тры Каралі» на ўспамін аб падзеі, калі, ідучы за зоркай, каралі (мудрацы) прыбылі ў Бэтлеем, шукаючы нованароджанага юдэйскага караля. Увайшоўшы ў стайню, яны ўбачылі Дзіця і Яго Маці, Марыю; упалі на твар і аддалі Яму пашану. Мудрацы ахвяравалі нованароджанаму Дзіцяці свае дары: золата (сімвал каралеўскай годнасці), кадзіла (сімвал веры ў Езуса як праўдзівага Бога) і міру (сімвал спаўнення прароцтваў аб прыходзе Месіі). Iмёны мудрацоў — Каспер, Мельхiёр i Бальтазар — у Святым Пісанні не згадваюцца, іх надала хрысціянская традыцыя. Да таго ж у Евангеллi яны называюцца не каралямi, а мудрацамi. Традыцыя з часам надала iм яшчэ i каралеўскую годнасць, звязаўшы iх мiсiю, як i ўсе iншыя найважнейшыя падзеi з жыцця Езуса, са Старым Запаветам.
|