Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
5 лютага — дзень памяці святой Агаты
Каляндар
05.02.2016 08:00

5 лютага ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца ўспамін святой Агаты, панны і мучаніцы. У гэты ж дзень асвячаецца «хлеб святой Агаты», вада і студні. Кім была гэтая святая? Чаму з ёю звязана традыцыя асвячэння хлеба?

Святая Агата, панна і мучаніца — святая часоў ранняга хрысціянства. Нарадзілася ў 235 годзе ў сіцылійскім горадзе Катанія. Паходзіла са знакамітага мясцовага роду. У 16 гадоў загінула пакутніцкай смерцю за свае хрысціянскія перакананні.

Нявеста Хрыста

Пасля хросту Агата, з любові да Хрыста, вырашыла захаваць цнатлівасць. Святая была вельмі прыгожай, таму шмат хто хацеў ажаніцца з ёй. Адным з прэтэндэнтаў быў і рымскі намеснік Сіцыліі Квіцыян. Яму, таксама як і астатнім сватам, Агата адмовіла.

 

Квіцыян узненавідзеў дзяўчыну і шукаў моманту, каб адпомсціць ёй.

Такі момант з’явіўся ў 250 годзе, калі імператар Дэцый выдаў загад аб пераследзе хрысціян.

Паводле падання, святая добра разумела, што яе чакаюць пакуты, барацьба і нават смерць, таму малілася: «Пане Езу Хрыстэ, Ты бачыш сэрца маё, ад Цябе не схаваны мае жаданні, я прагну належаць Табе ва ўсім, чым я ёсць і чым валодаю. Будзь мне пастырам, я ж няхай буду авечкай Твайго статку. Ахоўвай мяне ў святой барацьбе за Імя Тваё і спашлі мне ўмацаванне ў маёй слабасці».

Квіцыян ветліва прывітаў дзяўчыну і паўтарыў словы захаплення і ўсе свае абяцанні. Ён пагражаў Агаце страшным лёсам, калі яна адмовіцца выйсці за яго замуж.

Без ваганняў яна адмовілася. Тым не менш намеснік часова стрымаў свой гнеў і аддаў Агату ў дом нейкай Афрадзісіі, жанчыны, вядомай сваёй распуслівасцю, спадзеючыся, што тая, разам са сваімі пяццю дочкамі, паўплывае на перакананні Агаты і зможа падпарадкаваць яе волі намесніка.  

У гэтым доме святая Агата знаходзілася 30 дзён, але не здрадзіла сваёй веры і маральным перакананням.


Пасля гэтага Квіцыян выклікаў дзяўчыну на суд і пачаў пытацца пра яе паходжанне. Даведаўшыся, што Агата паходзіць са знакамітага роду, намеснік спытаў: «Чаму ты так прынізіла сябе, што стала хрысціянкай?» На што святая адказала: «Таму што сапраўдная высакароднасць набываецца вызнаваннем Езуса Хрыста, якога называюць рабом».

«Значыць, мы страцілі нашую высакароднасць?!» — усклікнуў Квіцыян. «Так, — адказала Агата, —  ты згубіў яе, калі стаў рабом сатаны настолькі, што пакланяешся яму, шануючы бяздушныя камяні».

Пакуты і смерць у імя веры

Узрушаны намеснік абвінаваціў Агату ў святатацтве і пад пагрозай пакарання загадаў ёй прынесці ахвяру язычніцкім багам. Святая адмовілася. Тады Квіцыян загадаў бічаваць яе, паліць раскаленым жалезам і раніць вострымі нажамі, а калі яна мужна перанесла гэтыя пакуты — загадаў адрэзаць ёй грудзі.   

Пасля гэтых жорсткіх пакут Агату кінулі ў вязніцу, загадаўшы нікога да яе не дапускаць і забараніўшы перадаваць ежу і піццё.

Нягледзячы на пакуты, святая Агата працягвала праслаўляць Бога, і ноччу ў вязніцы ёй з’явіўся святы Пётр у вобразе старца, якога суправаджаў анёл з паходняй. Ен вылечыў Агату ад усіх ранаў, нанесеных падчас пакаранняў. Яе цела стала яшчэ больш прыгожым, чым перад катаваннямі.

Святая стала маліцца і дзякаваць Богу за аздараўленне. У гэты час нябеснае святло напоўніла вязніцу, а спалоханая варта збегла, пакінуўшы дзверы адчыненымі.  

Самі вартаўнікі, бегучы, крычалі, каб святая ўцякала, таксама і іншыя вязні ўгаворвалі яе. Аднак Агата адказала: «Не дай Бог мне згубіць такі, ужо блізкі, вянок і падвергнуць варту пакаранню...»

Даведаўшыся пра ўсё, Квіцыян зноў паклікаў яе да сябе і загадаў скласці ахвяру рымскім багам. Святая ў чарговы раз адмовілася. Тады намеснік загадаў кінуць яе на гарачае вуголле, каб спаліць зажыва.

У гэты час пачаўся землятрус, і напалоханыя жыхары горада пачалі прасіць Квіцыяна адпусціць дзяўчыну. Напалоханыя каты перасталі мучыць Агату, але яна, не вытрымаўшы катаванняў, ужо памерла.  

Адбылося гэта 5 лютага 251 года. Мясцовыя хрысціяне пахавалі 16-гадовую мучаніцу за горадам, а праз 60 гадоў перанеслі яе парэшткі ў нанова пабудаваны катэдральны сабор у г. Катанія, дзе яе цела захоўваецца да сённяшняга дня.

Праз год пасля смерці святой на гары Катанія прачнуўся вулкан Этна. Згодна з паданнем, мясцовыя жыхары пачалі маліцца да святой Агаты, трымаючы ў руках яе хусцінку, і лава, дайшоўшы да хрысціян, рэзка змяніла свой накірунак. Такім чынам горад быў уратаваны.

Пра гэты цуд даведаліся язычнікі, і многія з іх сталі хрысціянамі.

Ушанаванне святой

З таго часу святая Агата шануецца як выратавальніца ад пажараў, паводак і іншых стыхійных бедстваў. Таксама яна лічыцца апякункай прафесій, звязаных з агнём, у тым ліку пекараў. У сувязі з гэтым у дзень памяці святой Агаты ў Каталіцкім Касцёле прынята асвячаць хлеб. Таксама асвячаецца соль і вада.

Святая Агата лічыцца апякункай пажарных, ліцейшчыкаў, майстроў, якія робяць званы, медыцынскіх сясцёр і трубачыстаў. Сваёй апякункай яе лічаць і рыцары Мальтыйскага ордэна.

У гэты дзень некаторыя вернікі таксама даюць хатнім жывёлам хлеб і соль, асвечаныя ў гонар святой Агаты, жадаючы засцерагчы іх ад розных хваробаў.

Жанчыны моляцца аб заступніцтве святой Агаты пры болю ў грудзях і некаторых іншых захворваннях, а таксама падчас кармлення грудзьмі.

Па матэрыялах інтэрнэт-крыніц падрыхтавала Марына Валасар

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.