Святы Блажэй. Доктар, які дапамагае прамаўляць у поўны голас |
Каляндар |
03.02.2016 00:00 |
Да святога Блажэя (Власія — ва ўсходняй традыцыі) людзі звяртаюцца звычайна тады, калі ім пагражае хвароба. Традыцыя звязвае святога менавіта з лячэннем горла, аднак ці не страх, сум і злосць таксама часам замыкаюць нам вусны? Час нараджэння святога — ІІІ стагоддзе ад нараджэння Хрыста. Жыў і працаваў ён у горадзе Севастый рымскай правінцыі Кападокія (зараз горад Сівас у Турцыі). Вядома, што будучы святы быў урачом, лячыў людзей і жывёл. Дзякуючы павазе супляменнікаў Блажэй стаў хрысціянскім біскупам Севастыя. Легенды кажуць, што святому Блажэю прыходзілася хавацца ад дзяржаўнага пераследу ў пячоры, а птушкі і звяры, якіх ён лячыў, прыносілі яму ежу. Аднойчы ў 316 годзе рымскі губернатар Агрыколаўс, які паляваў, натрапіў на сховішча — і святы быў кінуты ў турму. Цяпер ужо людзі прыносілі хворых пад акно засценка, просячы доктара аб дапамозе. Тут Бог дапамог святому ўратаваць жыццё хлопцу, які падавіўся рыбнай косткай. Гэты цуд лекарскага мастацтва найбольш запомніўся хрысціянам, і з таго часу святому Блажэю моляцца перш за ўсё аб ацаленні хваробаў горла. Пераконванні, запалохванні, катаванні не дапамаглі язычнікам прымусіць святога адмовіцца ад веры. Мужнага доктара-пакутніка засеклі мячамі. У Касцёле штогод, у дзень літургічнага ўспаміну святога Блажэя, асвячаюцца свечкі, якія называюцца «блажэйкамі». Святар выкарыстоўвае гэтыя свечкі для ўдзялення – менавіта 3 лютага – благаслаўлення, якое павінна ахоўваць ад хваробаў горла, а таксама ад усялякага зла. Сёння праз заступніцтва святога Блажэя можна справіцца з той бядой, якой з'яўляецца страх. Страх паралізуе. Страх сціскае паветра ў горле, не дае чалавеку сказаць, спець, падзяліцца думкамі. У больш шырокім сэнсе — страх часта не дае чалавеку дзейнічаць па-хрысціянску, сумленна. Бо не ежа і напоі, якія ўваходзяць у наша горла, а словы і ўчынкі, якія «выходзяць з чалавека, робяць яго нячыстым» (Мк 7, 14-23) ці, наадварот, чыстым. І тут не толькі страх перад пакараннем часам замінае чалавеку: гэта таксама страх паказацца не такім, як усе іншыя, страх «адарвацца ад калектыву», страх выклікаць у свой бок кпіны і паказацца смешным. «Табе што, больш за ўсіх трэба? Ты што тут, самы сумленны? Ты што, дурны, праўда верыш у касцёльныя казкі? Не выпендривайся с этой "белорусской мовой", говори как все!» — шмат каму давялося гэта пачуць, яшчэ большая колькасць маўчыць, бо баіцца пачуць. Трэба ўсвядоміць гэты страх і звярнуцца па дапамогу. Пагаварыць з Богам пра свой страх і — праз заступніцтва святога Блажэя — вызваліцца ад яго, выкінуць костку з горла. Страх — гэта хвароба і бяда, але гэта не твая віна, усе здаровыя людзі яго адчуваюць. Але ён нішто перад любоўю ўсемагутнага Бога, цеплынёй добрых і надзейных рук найлепшага Доктара ва ўсім свеце. Аляксандр Гелагаеў паводле матэрыялаў Аve-maria.by, Сatholic.by |