8 лютага — успамін св. Джузэпіны Бакіты, дзень малітваў супраць гандлю людзьмі |
Каляндар |
08.02.2016 10:44 |
У літургічны ўспамін св. Джузэпіны Бакіты, які прыпадае на 8 лютага, Паўсюдны Касцёл адзначае Сусветны дзень малітваў, разважанняў і дзейнасці супраць гандлю людзьмі. Апякункай барацьбы з гандлем людзьмі і малітвы за зняволеных лічыцца
святая Джузэпіна Бакіта, манахіня з Судана, якая спазнала зняволенне. У дзіцячым узросце Джузэпіну выкралі арабскія гандляры людзьмі. Гэтыя драматычныя падзеі ў жыцці дзяўчынкі прывялі да таго, што яна забылася ўласнае імя. Яе назвалі «Бакіта», што азначае «тая, хто мае шчасце, шчаслівая». Шмат разоў яе перапрадавалі, і дзяўчына зведала шмат цярпенняў — на яе скуры нажом быў зроблены татуаж, а раны пасыпалі соллю.
Святая Джузэпіна, маліся за нас... У 15-гадовым узросце яе набыў італьянскі консул, які пасля некалькіх дзясяткаў месяцаў забраў яе з сабою ў Італію. Там дзяўчына пазнаёмілася з сёстрамі канасьянкамі (Супольнасць сясцёр дачок любові і служак убогім св. Магдалены з Каносы). Там жа яна пазнаёмілася з каталіцтвам, з якім сутыкалася і раней. 9 студзеня 1890 года Бакіта прыняла сакрамэнт хросту, канфірмацыі і першую Камунію. Яе новым іменем стала імя Джузэпіна, а праз некалькі гадоў яна ўступіла ў манаскую супольнасць, дзе зарэкамендавала сябе як клапатлівая і старанная сястра, якая не баіцца фізічнай працы. Джузэпіна працавала кухаркай, швачкай, прачкай і г.д. Яе адкрытасць і шчырасць здзіўляла і свецкіх людзей. Памерла манахіня пасля цяжкай хваробы ў 1947 годзе. У 1978 годзе Папа Ян Павел ІІ выдаў дэкрэт аб гераічнасці цнотаў Джузэпіны Бакіты. Беатыфікацыя адбылася ў Рыме ў 1992 годзе, кананізацыя — у 2000 годзе. Паводле рапарту ЮНІСЕФ, сёння праблема гандлю людзьмі — адна з найбольш актуальных тэм. Кожныя 30 секунд ахвярай гандлю становіцца новы чалавек. Больш за мільён дзяцей пакутуюць у сексуальным зняволенні. Гандаль у сексуальных мэтах — адна з найбольш страшных практык, якая становіцца шматмільённым бізнесам. Паводле звестак Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, сёння ва ўсім свеце ў прымусовай працы і прастытуцыі выкарыстоўваецца да 4 мільёнаў жанчын і дзяцей.
«Джузэпіна Бакіта адчула на сабе звярыную жорсткасць, з якой чалавек можа ставіцца да сябе падобных, — гаварыў пра святую Папа Ян Павел ІІ падчас звароту да епіскапату Судана ў 2003 годзе. — Выкрадзеная і прададзеная ў рабства, будучы яшчэ дзяўчынкай, яна надта добра ведала, што такое цярпенні, якія і сёння на ўласным прыкладзе спазнае вялікая колькасць яе суайчыннікаў». Ян Павел ІІ падкрэсліў: «Жыццё святой Бакіты зразумела тлумачыць, што трыбалізм і дыскрымінацыя па этнічнай, моўнай і культурнай прыкмеце не могуць быць часткай грамадзянскага грамадства і не маюць апраўдання ў супольнасці вернікаў». |