Пачнем з пасыпання галоваў попелам. 10 лютага — Папяльцовая серада |
Каляндар |
10.02.2016 10:04 |
Фота Віталія Палінеўскага, святая Імша на Папялец у мінскім архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, 2016 г. 10 лютага — Папяльцовая серада, якой у Каталіцкім Касцёле пачынаецца
40-дзённы Вялікі пост. Для вернікаў ён з’яўляецца асаблівым заклікам да
пакаяння і перамянення жыцця. У гэты дзень шматлікія католікі нашай
краіны наведваюць святыні. Вялікі пост у Касцёле — гэта таксама час падрыхтоўкі, праз рэкалекцыі і споведзь, да найважнейшага свята ва ўсім літургічным годзе — Уваскрасення Пана, ці велікодных святаў. Касцёл у гэты святы час заахвочвае да практыкавання добрых учынкаў: малітвы, посту і міласціны, а таксама да ўдзелу ў набажэнствах Мукі Пана: Крыжовым шляху і Песнях жальбы. Попел з’яўляецца таксама знакам жалобы. Ён выражае смутак чалавека, што спазнаў няшчасце. Стары Запавет бачыў сувязь паміж няшчасцем і грахом. Юдэі, якім пагражала смерць, пасыпалі галовы попелам (пар. Эст 4, 1-4). Псальміст моліцца словамі: «Ем попел, як хлеб, і з плачам мяшаю мой напой» (пар. Пс 102, 10). Попел — сімвал крохкасці чалавечага існавання, якому пагражае хвароба, боль, вайна, смерць. Фота Ільі Лапато, святая Імша на Папялец у мінскай парафіі Св. Пятра і Паўла і св. Яўгена дэ Мазэно, 2016 г. Папяльцовая серада і Вялікі пост – нагода, каб прыгледзецца да ўласных паводзінаў. Гэта нагода, каб здолець паглядзець на два асноўныя вымярэнні — адносіны з Богам і бліжнім, а потым на грамадскія адносіны ў дачыненні да большай супольнасці, якой з’яўляецца парафія, супольнасць на працы, месцы вучобы, каб у гэтым асяроддзі жыць Хрыстовым Евангеллем, адмаўляючыся ад руціны і знешняй фармальнасці. |