Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
14-гадовы рыцар Валадара Хрыста. Сёння ўспамін благаслаўлёнага Хасэ Санчэса Дэль Рыа
Каляндар
10.02.2016 09:31

10 лютага Касцёл успамінае благаслаўлёнага Хасэ Санчэса Дэль Рыа — 14-гадовага мексіканскага хлопца, які не адрокся ад веры і загінуў мучаніцкай смерцю ад рук слугаў атэістычнага рэжыму.

Хасэ нарадзіўся 28 сакавіка 1913 года ў мексіканскім горадзе Саўаё, а ў 1926 годзе ў краіне пачалася жорсткая грамадзянская вайна.

Урад Мексікі пад кіраўніцтвам ваяўнічага атэіста і масона прэзідэнта Плутарко Кальеса пачаў кампанію пераследу Касцёла. Забараняліся касцёльныя працэсіі, знішчаліся касцёльныя школы, зачыняліся касцёлы. Святароў і вернікаў збівалі, арыштоўвалі, а часам і забівалі.

У 1925 годзе гэтыя падзеі выклікалі рэакцыю Святога Айца Пія ХІ, які ў энцыкліцы «Quas primas» заявіў, што Касцёл не можа падпарадкоўвацца ніякай знешней уладзе. Каб нагадаць усяму свету, што ніякая зямная ўлада не ёсць вышэйшай для чалавека, Папа ўстанавіў урачыстасць Пана нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету.

«Калі мы ўшаноўваем уласную годнасць Хрыста, мы адназначна нагадваем людзям, што Касцёл, заснаваны Хрыстом як найлепшае грамадства, мае прыроднае і неад'емнае права на поўную свабоду і імунітэт ад улады дзяржавы», — гаворыцца ў энцыкліцы.

Аднак антыкасцёльныя рэпрэсіі ў Мексіцы толькі павялічыліся, і тысячы вернікаў былі вымушаны ўзяцца за зброю.

На іспанскай мове гэтая ўрачыстасць называецца «Хрыста Караля», таму баявым клічам паўстанцаў сталі словы: «Няхай жыве Кароль Хрыстус!» («Viva Cristo Rey!»)


Паўстанцы і сям'я аднаго з іх

Гэты вокліч і даў назву паўстанцкаму руху — іх сталі называць «крыстэрос» («хрыстоўцы»). Вельмі важную ролю адыгрывала таемная жаночая каталіцкая арганізацыя — «брыгады Жаны д'Арк», якія дапамагалі параненым, куплялі і перадавалі байцам зброю, патроны, медыкаменты.

Браты Хасэ Санчэса пайшлі на змаганне, аднак ён сам быў яшчэ занадта юны. Генерал паўстанцаў Прудэнсіо Мендоса адмаўляўся пускаць хлопца ў бой, аднак Хасэ не адступаў, і яму дазволілі быць сцяганосцам атрада каталіцкіх байцоў.

Сцяг аднаго з палкоў каталіцкіх паўстанцаў

У цяжкім баі 25 студзеня 1928 года конь генерала быў забіты, і Хасэ аддаў яму свайго. Хлопец працягваў страляць у ворага з зямлі, пакуль не скончыліся патроны. Урэшце салдаты ўрадавых войскаў узялі яго ў палон.

Сведкі распавялі, што было далей. Падлетка стараліся запалохаць, каб ён адрокся ад веры. Яго прымусілі глядзець, як вешаюць іншага «крыстэро», аднак Хасэ падтрымаў брата па зброі, сказаўшы, што хутка яны зноў абодва ўбачацца ў небе.

Бацька Хасэ спрабаваў даць за яго выкуп, аднак не паспеў у час сабраць патрэбную суму грошай.

Вечарам 10 лютага карнікі пачалі катаваць хлопца. Каты парэзалі падэшвы ягоных ног і прымусілі пешшу ісці праз горад на могілкі. Некалькі разоў салдаты спынялі Хасэ і прапаноўвалі яму жыццё, калі ён пракрычыць: «Смерць Каралю Хрысту!»

Хлопец адмаўляўся, хоць крычаў і плакаў ад болю. На могілках у бяссільнай злосці яго забілі штыкамі.

У 2012 годзе выйшаў фільм «Cristiada» пра падзеі вайны ў Мексіцы, у якім паказана і гісторыя Хасэ Санчэса Даль Рыя

22 чэрвеня 2004 года Папа Ян Павел ІІ абвясціў Хасэ Санчэса Дэль Рыа мучанікам, а ў 2005 годзе адбылася беатыфікацыя юнага змагара за свабоду.

21 студзеня 2016 года Папа Францішак прызнаў цуд, які адбыўся праз заступніцтва «крыстэро». У сакавіку могуць абвясціць, што ў гэтым годзе адбудзецца кананізацыя.

Аляксандр Гелагаеў

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.