Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«На трэцім паверсе мы займаліся рукапашным боем...»: 16 сакавіка — гадавіна асвячэння мінскай архікатэдры
Каляндар
16.03.2016 10:43

16 сакавіка 1710 года ў Мінску прайшло асвячэнне сённяшняга архікатэдральнага касцёла Імя Найсвяцейшай Панны Марыі, якое здзейсніў бiскуп Вiленскi Канстанты Казiмiр Бжастоўскi.

«Гісторыя мінскай архікатэдры — гэта гісторыя Каталіцкага Касцёла, а таксама і іншых веравызнанняў, на нашай зямлі», — лічыць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Як змяняўся твар касцёла, можна прасачыць па архіўных фотаздымках.

Лета 1941 года — святая Імша падчас Другой сусветнай вайны. Крыніца: In Nomine Domini, Мінск, 2010

Святыня як Дом фізкультурніка

У 1948 годзе касцёл быў адабраны і перададзены пад «Дом фiзкультуры».

Аўтамабіль стаіць на месцы алтара, канец 1940-х. Крыніца: In Nomine Domini, Мінск, 2010. 

На фота ўверсе: касцёл падчас перабудовы ў «Дом фізкультурніка». Фота канца 1940-х гг. 

Неўзабаве святыню перабудоўваюць, і да пачатку 1990-х у ёй праходзяць спартыўныя заняткі — таэквандо, каратэ, бокс.

Рэдакцыя адшукала аднаго са сведкаў гэтых падзей — Сяргея Монтэ-Карлава, які ў канцы 1970-х наведваў спартыўныя заняткі ў будынку святыні. Вось што ён прыгадвае:

— Я займаўся рукапашным боем на трэцім паверсе. Сёння мне 38, а тады было гадоў 12-13. Гэта былі часы перабудовы. На той час я не ведаў, што ў будынку калісьці быў касцёл, прынамсі ніхто пра гэта нам тады не казаў.


Здаецца, ці не тыя ж дзверы і засталіся сёння там? Памятаю, што на першым паверсе ўсё было засцелена матамі, і дзеці займаліся там каратэ. Мае заняткі праходзілі на трэцім паверсе, калі заходзіш — трэба было ісці налева і там была лесвіца наверх.

Трэці паверх меў такую адмысловую прыбудову — не ведаю, што там было раней. Але добра памятаю драўляную падлогу, з яе вылазілі цвікі...

У прынцыпе, на той час у сваім узросце я не заўважаў чагосьці незвычайнага. Але там усё было распілена па пакоях, такіх палічках — гэта сведчыла, што ўсё было перароблена, але якім чынам і што ўяўляла сабой цэльная канструкцыя, сказаць было цяжка.

Я мінчанін, таму добра памятаю, што, калі касцёл адкрылі, я ведаў, што з’явілася яшчэ адно месца, дзе можна паслухаць арган. Пасля рэстаўрацыі будынка ў святыню я яшчэ не заходзіў, зраблю гэта, як буду ў Мінску наступным разам.

Вяртанне і рэкансэкрацыя

21 кастрычніка 1997 г. святыню рэкансэкравалі. А ў 2010 годзе мінская архікатэдра святкавала 300-годдзе асвячэння.

Перад гэтым у касцёле праходзіла Навэнна да 300-й гадавіны асвячэння. На працягу дзевяці дзён з дакладамі і паведамленнямі ў святыні выступалі прадстаўнікі Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы, гісторыкі і тэолагі. Кардынал Казімір Свёнтэк, які на той час знаходзіўся ў шпіталі, скіраваў да ўдзельнікаў канферэнцыі з нагоды 300-годдзя асвячэння касцёла зварот:

«Здалёк я бачу мінскую даўнейшую і цяперашнюю архікатэдру. Бачу катэдру з часоў Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага. Бачу тую, з якой Езусу Эўхарыстычнаму і Яго вернаму слузе сказалі: "Ідзіце прэч! Няма тут для вас месца!"

Я бачу знішчаны інтэр’ер катэдры, якую па-варварску прыстасавалі для свецкіх мэтаў.

Я бачу прымацаваную да фасада катэдры пабудову, узведзеную для таго, каб закрыць знак прысутнасці Бога сярод жыхароў сталіцы. Бачу групу вернікаў, якія разам са святаром моляцца на прыступках гэтага будынка, іх малітва пранізвае сцены, каб яны разбурыліся, каб паказалася боска-чалавечая рэчаіснасць — святыня!


І сталася тое, чаго так моцна прагнулі жыхары гэтай зямлі, ахрышчаныя ў імя Найсвяцейшай Тройцы. Радуйцеся! Праслаўляйце Божы Провід! Спявайце Te Deum — "Цябе, Бога, праслаўляем, Табе, Пане, хвала вечна..."

Здалёк я бачу архікатэдру ў яе цяперашняй прыгажосці — адноўленую на ўзор даўнейшай святыні з дапамогаю сродкаў, якія нясе сучаснае дабро цывілізацыі, каб служыць таксама наступным пакаленням.

Я бачу архікатэдру як знак і сімвал аднаўлення Касцёла і грамадства Беларусі ў Хрысце, бо яшчэ тады, калі ў сярэдзіне святыні стаялі рыштаванні, распачалася праца Сіноду, адбылася надзвычайная ўрачыстасць аднаўлення ў Хрысце каталіцкіх сем’яў усёй Беларусі».

Кс. Уладзіслаў Завальнюк у часовай капліцы на трэцім паверсе Дома фізкультуры, дзе былі дазволены набажэнствы. Пачатак 1990-х. Пазней падлога будзе разабрана. Крыніца: In Nomine Domini, Мінск, 2010.

«Знішчаны, зняважаны і пакінуты на небыццё, касцёл адраджаецца, як фенікс з попелу, — адзначае арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. — На гісторыі гэтай нашай галоўнай святыні вельмі добра бачна, як Хрыстус піша проста на крывых лінейках гісторыі і як Ён ставіць апошнюю кропку над "і"».

Падрыхтаваў Ілья Лапато
фота tut.by і з адкрытых крыніц

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.