Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
19 сакавіка — імяніны Папы на пенсіі Бэнэдыкта XVI
Каляндар
19.03.2016 09:00

19 сакавіка святкуецца ўрачыстасць святога Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі. У гэты ж дзень свае імяніны адзначае Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI, сапраўднае імя якога Ёзаф Алоіз Ратцынгер.

Бэнэдыкт XVI стаў першым за апошнюю тысячу гадоў Папам нямецкага паходжання і найстарэйшым па ўзросце на момант выбрання Папам Рымскім з часоў Папы Клімента XII (тады яму было 78 гадоў). Да пантыфікату Ёзаф Ратцынгер 28 гадоў з’яўляўся кардыналам і некаторы час займаў пасаду дэкана Калегіі кардыналаў.

Ад «Гітлерюгенда» да Святога Пасаду

Ёзаф Алоіз Ратцынгер нарадзіўся 16 красавіка 1927 г. у невялікім нямецкім мястэчку Марктль-на-Іне, што ў Ніжняй Баварыі, і стаў трэцім дзіцём у сям’і камісара жандармерыі Ёзафа і Марыі Ратцынгер.

Бацькі будучага Папы паходзілі з сялянскага і рамеснага асяроддзя. Яны, хоць і не былі людзьмі заможнымі, але клапаціліся аб тым, каб дзеці атрымалі адукацыю і выхоўваліся ў веры.

Ёзаф Ратцынгер са сваёй сям'ёй

Калі Ёзафу было два гады, яго сям’я пераехала на аўстрыйскае памежжа, а ў 1932 годзе — у альпійскае мястэчка Аўшаў. Бацька Ёзафа адмоўна ставіўся да нацыянал-сацыялізму, таму ў 1937 годзе аддаў сына ў класічную гімназію ў Траўнштайме.

Яшчэ перад вайной, у 1939 годзе, Ёзаф стаў вучнем перадсемінарыі, тым самым зрабіўшы першыя крокі да свайго святарскага паклікання.

1943 год, падлетак Ёзаф у форме вермахта

Але пачалася Другая сусветная вайна, і падлетак Ёзаф стаў членам Гітлерюгенда, потым — салдатам зенітнага батальёна. У 1944 годзе юнак быў мабілізаваны ў дапаможную службу супрацьпаветранай абароны.

Аднак Ёзаф дэзерціраваў з войска пры набліжэнні арміі саюзнікаў у 1945 годзе і вярнуўся дадому, але быў арыштаваны войскамі саюзнікаў і некалькі месяцаў правёў у лагеры для ваеннапалонных. Час службы ў вермахце Папа Бэнэдыкт XVІ успамінаў з агідай і называў яго «ідэалагічным муштраваннем». 

Пасля вайны Ёзаф Ратцынгер зноў паступіў у семінарыю і ў 1951 годзе разам са сваім братам Георгам атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.

Георг і Ёзаф Ратцынгеры падчас прэзбітэрскага пасвячэння, Фрайзінг (Германія), 1951 год

Будучы Папа некаторы час выкладаў дагматычную і фундаментальную тэалогію ў Вышэйшай школе філасофіі і багаслоўя ў Фрайзінгу і іншых універсітэтах Германіі.

Кардынал Ёзаф Ратцынгер з’яўляўся членам Міжнароднай тэалагічнай камісіі ў Ватыкане. Прымаў актыўны ўдзел у працы Другога Ватыканскага Сабору ў якасці дарадчыка-тэолага пры арцыбіскупе Кёльна кардынале Ёзафе Фрынгсе.

У 1970 годзе падпісаў мемарандум дзевяці нямецкіх тэолагаў з патрабаваннем рэформ у Каталіцкім Касцёле, сярод якіх таксама ўтрымлівалася прапанова адмяніць цэлібат.

Але потым будучы Папа змяніў свае погляды і ўжо праз сем гадоў напісаў: «Калі цэлібат не будзе абавязковым для ўсіх святароў, а будзе залежаць ад персанальнага выбару, ён згубіць сваю тэалагічную сутнасць. Яго значнасць знікне, і ён будзе разглядацца як звычайнае дзівацтва».

2005 год, кардыналы вітаюць новага Папу

У 2002 годзе кардынал Ёзаф Ратцынгер стаў дэканам Калегіі кардыналаў і кардыналаў-біскупаў. У 2005 годзе быў абраны Папам Рымскім. На гэтай пасадзе ён прабыў да 2013 года, калі адмовіўся ад папства.

На пасадзе Папы

Пасля абрання кардынал Ёзаф Ратцынгер узяў сабе новае імя ў гонар святога Бэнэдыкта і Папы Бэнэдыкта XV, «мужнага і сапраўднага прарока міру перад абліччам драматычных падзей Першай сусветнай вайны».

Падчас інаўгурацыйнай святой Імшы Папа Бэнэдыкт XVІ так акрэсліў «праграму» свайго пантыфікату: «Мая сапраўдная праграма кіравання ў тым, каб не чыніць маю волю, не ісці за маімі ідэямі, але разам з усім Касцёлам прыслухоўвацца да слова і волі Пана і дазволіць Яму весці мяне такім чынам, каб Ён сам кіраваў Касцёлам у гэты перыяд нашай гісторыі».

Па перакананнях кансерватар, Бэнэдыкт XVI выступаў на публіцы ў два разы радзей, чым Ян Павел ІІ, прытрымліваючыся прынцыпу «менш дыскусій і больш малітваў». Быў заўзятым праціўнікам абортаў, фемінізму, аднаполых шлюбаў і гомасексуалізму.

Аўтар шматлікіх кніг і трох энцыклік. Яго кніга «Уводзіны ў хрысціянства» стала сусветным бестселерам.

Энцыклікі Бэнэдыкта XVI прысвечаны галоўным хрысціянскім цнотам і міласэрнасці. Гэта «Deus Charitas Est» («Бог ёсць любоў»),  «Spe salvi» («Выратаваныя надзеяй») і «Caritas in Veritate» («Міласэрнасць у праўдзе»), а таксама апостальскія адгартацыі «Sacramentum caritatis» (2007), «Verbum Domini» (2010), «Africae minus» (2011), «Ecclesia in Medio Oriente» (2012).

За час пантыфікату Бэнэдыкта XVI адбылося 11 абрадаў кананізацыі і 116 — беатыфікацыі.

Пантыфік з Германіі зацвердзіў змены ў парадку абрання Папы. Цяпер кардыналы не павінны чакаць 15 дзён пасля пачатку перыяду sede vacante, каб сабраць канклаў і выбраць новага Наступніка святога Пятра.

Папам можа стаць той кардынал, за якога аддадзена «прынамсі дзве трэці галасоў з тых выбаршчыкаў, якія прысутнічалі і прымалі ўдзел у галасаванні». Былі ўведзены таксама дадатковыя нормы сакрэтнасці канклаву.

Менавіта з рук Папы Бэнэдыкта XVI 29 чэрвеня 2008 года атрымаў палій — адзнаку асаблівага пастырскага служэння — арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

У перыяд пантыфікату Бэнэдыкта XVI Апостальская Сталіца ўсталявала дыпламатычныя адносіны з пяццю краінамі.

У 2012 годзе Бэнэдыкт XVI па версіі часопіса «Форбс» увайшоў у дзясятку самых уплывовых людзей свету, сярод палітыкаў і вядомых грамадскіх дзеячаў заняўшы там пятае месца.

Бэнэдыкт XVI захапляецца класічнай музыкай і сам грае на піяніна. Таксама, паводле паведамленняў прэсы, вельмі любіць катоў.

Акрамя роднай нямецкай мовы, свабодна валодае італьянскай, лацінскай, англійскай і іспанскай, а таксама чытае тэксты на старажытнагрэчаскай мове і іўрыце. 

У сваім інтэрв’ю італьянскай газеце «Repubblica» Ёзаф Ратцынгер аднойчы распавёў:

«Я — рэаліст, перакананы ва ўнутранай сіле веры. Пераконваюся ў гэтым усё болей, па меры таго, як каталіцтва становіцца ўсё болей “каталіцкім”, г. зн. Паўсюдным. У той час як іншыя кантыненты адкрываюць свой спосаб быць хрысціянамі і католікамі, Еўропа, калыска і апора каталіцызму, страчвае свой хрысціянскі дух».

«Для Касцёла Рыма гэта рашаючы выклік. Культура, якая распаўсюдзілася ў Еўропе, абсалютна і радыкальна супярэчыць не толькі хрысціянству, але і рэлігійным і маральным традыцыям усяго чалавецтва», — заўважыў Папа на пенсіі.

Напрыканцы свайго пантыфікату Бэнэдыкт XVI звярнуўся да вернікаў у твітары са словамі: «Дзякую за вашу любоў і падтрымку. Жадаю, каб вы заўсёды адчувалі радасць, калі ставіце Хрыста ў цэнтр вашага жыцця».

Папа на пенсіі

Сёння Папа на пенсіі Бэнэдыкт XVI вядзе затворніцкае жыццё і грае на фартэпіяна. Таксама шпацыруе па Ватыканскіх садах, працуе з карэспандэнцыяй і прымае гасцей.

«Бэнэдыкт XVI пакідае сваю рэзідэнцыю толькі па просьбе Папы Францішка, адмаўляючыся ад іншых сустрэч», — пра гэта паведаміў асабісты сакратар Папы на пенсіі арцыбіскуп Георг Генсвайн у інтэрв’ю італьянскай газеце «Corriere della sera».

Арцыбіскуп таксама распавёў, што Бэнэдыкт XVI і сёння перакананы ў правільнасці свайго рашэння пакінуць папскі пасад, заснаванага на ўсведамленні недахопу фізічных сіл і клопату пра Касцёл. 

Восенню 2015 года ў Ватыкане пры Папскім Тэўтонскім калегіуме адкрылася бібліятэка, цалкам прысвечаная Папу Бэнэдыкту XVI. Яна змяшчае ўсе яго кнігі і навуковыя працы і носіць назву «Ёзаф Ратцынгер — Бэнэдыкт XVI».

А ў лютым 2016 года ва ўніверсітэце святой Марыі ў Твікенхеме (Лондан) быў заснаваны «Цэнтр Бэнэдыкта XVI». У ім плануецца праводзіць даследаванні ў вобласці рэлігіі і грамадазнаўчых навук.

Нядаўна ў газеце Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Італіі «Avvenire» выйшла першае інтэрв’ю Папы на пенсіі з моманту выхаду ў адпачынак. У ім Бэнэдыкт XVI адзначыў вялікую важнасць усведамлення Божай міласэрнасці ў жыцці як асобнага чалавека, так і ўсяго грамадства.

«Для мяне гэта "знак гэтага часу", што ідэя Божай міласэрнасці робіцца ўсё больш цэнтральнай і дамінуючай — з часоў святой сястры Фаўстыны (Кавальскай), погляды якой у значнай ступені адлюстроўваюць погляды сучаснага чалавека і імкненне да Божай ласкі.

Папа Ян Павел ІІ быў глыбока закрануты гэтым імпульсам... Толькі праз міласэрнасць заканчваецца жорсткасць, зло і насілле», — падкрэсліў Пантыфік на пенсіі і дадаў, што Папа Францішак таксама працягвае гэтую тэндэнцыю.

Бэнэдыкт XVI таксама звярнуў увагу, што вера ў Хрыста не можа заставацца толькі асабістай справай аднаго чалавека, яна павінна быць злучана з супольнасцю. «Стаць адным з дзяцей Божых у еднасці братоў і сясцёр», — да гэтага заклікае Папа на пенсіі ўсіх католікаў сёння.

Па матэрыялах інтэрнэт-крыніц падрыхтавала Марына Валасар

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.