Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
120 гадоў таму нарадзіўся «апостал Палесся» — кс. Пётр Татарыновіч
Каляндар
02.06.2016 11:09

120 гадоў таму нарадзіўся славуты каталіцкі святар, журналіст і патрыёт Беларусі, заснавальнік беларускага вяшчання Ватыканскага радыё — кс. Пётр Татарыновіч. Гэта адбылося 2 чэрвеня 1896 г. у вёсцы Гайнін, на Случчыне. Яго жыццё, як і многіх іншых святароў ХХ ст., было нялёгкім.

Аднак святар быў не з тых, хто задавольваўся малым і баяўся ісці супраць плыні. За гэта расплачваўся «нязручнасцямі» і папрокамі.

Яшчэ будучы субдыяканам, ён прамаўляў гаміліі па-беларуску, а «парафіяне з вялікай зацікаўленасцю слухалі казанні, плакалі і цешыліся...», узгадваў у кнізе «Родная мова ў святынях» кс. Адам Станкевіч.

Тытул «Апостал Палесся», які носіць св. Андрэй Баболя, заслужана можа насіць і кс. Татарыновіч. Пінск, Столін, Мядзведзічы, Дамачава, Баранавічы: гэта не поўны спіс месцаў, дзе ён нёс святарскае служэнне.

Татарыновіч спазнаў досвед высылкі ў польскамоўныя рэгіёны. Такія дысцыплінарныя меры ў той час былі вельмі распасюджанымі ў дачыненні да святароў, якія актыўна карысталіся беларускай мовай у літургіі і душпастырстве. Пазней ён ледзьве пазбегнуў арышту, спачатку пры бальшавіках, а затым пры нацыстах.



У сваёй душпастырскай дзейнасці імкнуўся ахапіць як мага большую колькасць вернікаў, таму на поўніцу карыстаўся магчымасцямі тагачасных СМІ: перыядычна друкаваўся ў каталіцкіх выданнях «Krynica», «Chryscijanskaja Dumka», уніяцкім часопісе «Да злучэння», займаўся перакладамі на беларускую мову, выданнем кніг і брашур.

Калі апынуўся ў Рыме, заснаваў часопіс «Źnič», а таксама паставіў на службу евангелізацыі беларусаў такі магутны інструмент, як радыё. Святар стаяў ля вытокаў беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё — першай замежнай радыёстанцыі, якая пачала вяшчаць на мове Купалы і Коласа.

Слухаючы голас кс. Татарыновіча, вернікі знаёміліся з катэхізісам, літургіяй, малітвамі, ведалі пра падзеі з жыцця Касцёла і беларускай каталіцкай эміграцыі.

Апошнія гады кс. Пётр жыў у доме для святароў-пенсіянераў у Вечным горадзе. Ксёндз Пётр Татарыновіч пахаваны на рымскім «Cimitero Flaminio». Там усталявана простая таблічка з яго імем і надпісам «Заснавальнік беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё» — адзіная на сёння «мемарыяльная дошка» славутаму беларускаму каталіцкаму дзеячу.

Ён не збіраў скарбаў на зямлі, але пакінуў іх тут. Заснаваная ім рэдакцыя Ватыканскага радыё працягвае вяшчанне, перакладзеныя ім кнігі — каштоўны скарб беларускай літаратуры, выдадзеныя часопісы і напісаныя артыкулы — сапраўдная хроніка жыцця Касцёла і беларускай каталіцкай эміграцыі, важныя для даследчыкаў.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё,
(ils)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.