13 чэрвеня — літургічны ўспамін св. Антонія Падуанскага |
Каляндар |
13.06.2016 10:54 |
Пры наведванні многіх каталіцкіх святынь у большасці з іх можна заўважыць прысутнасць абраза або фігуры св. Антонія з Падуі. Быць можа, таму Папа Леў XIII назваў св. Антонія Падуанскага «Святым усяго свету». Шмат людзей чула пра яго, шмат хто моліцца праз яго заступніцтва, аднак часцей за ўсё яго ведаюць і шануюць выключна як «Святога ад згубленых рэчаў». Добра памятаю, як мая бабуля раіла мне памаліцца да гэтага святога, калі нешта гублялася. І найбольш дзівосным было тое, што часцей за ўсё згубленая рэч знаходзілася. Аднак святы Антоній — гэта апякун не толькі ў «згубленых рэчах». Касцёл надаў яму тытул доктара Касцёла. Папа Грыгорый IX, пераканаўшыся ў фенаменальным веданні Антоніем Святога Пісання, назваў яго Каўчэгам Запавету. Гісторыя гаворыць аб тым, што ён прамаўляў свае гаміліі перад Папам Грыгорыем IX, а таксама перад навукоўцамі, прафесарамі, у знакамітых універсітэтах Манпелье і Тулузы, а таксама перад многімі шляхетнымі асобамі. Ён так дасканала ведаў Біблію, што пра яго гаварылі: «Калі б усе Святыя Пісанні былі знішчаны, Антоній мог бы прадыктаваць іх сакратару, аднавіўшы такім чынам». Менавіта таму ў 1946 г. Папа Пій XII абвясціў яго доктарам Касцёла, надаючы тытул «Doctor Evangelicus».
Цяжка палічыць усе тыя цуды, якія суправаджалі яго кароткае жыццё (ён памёр 13 чэрвеня 1231 г. ва ўзросце 36 гадоў). У наступным годзе — усяго праз год пасля смерці — Папа Грыгорый IX абвясціў яго святым падчас Сабору ў Спалета. Шмат хто з прысутных быў проста здзіўлены: колькі ж цудаў у святога Антонія! Кардыналы, біскупы, святары і вернікі былі расчулены, слухаючы доўгі спіс цудаў, прадстаўлены на працэсе кананізацыі. Усе яны ў выніку падрабязных даследаванняў дзвюх спецыяльна прызначаных камісій, куды ўваходзілі знакамітыя прафесары Падуанскага ўніверсітэта, былі правераны і дакументальна пацверджаны.
Святы Антоній вядомы таксама як абаронца бедных. Сёння ў многіх касцёлах збіраюць для бедных ахвяру пад назвай «Хлеб святога Антонія». Больш падрабязна пра св. Антонія тут>>> Святы Антоній заўсёды быў вельмі чулы да патрэбаў бедных, гатовы дапамагчы ў любой бядзе кожнаму, асабліва тым, хто сам гатовы дапамагаць найбольш патрабуючым. У некаторых парафіях у гэты дзень збіраюцца ахвяраванні на патрэбы бедных. |
Фотарэпартаж |