Урачыстасць Пана Нашага Езуса Хрыста, Валадара Сусвету |
Каляндар |
20.11.2016 11:48 |
Папа Пій ХІ загадаў, каб ва ўсіх каталіцкіх святынях пасля галоўнай Эўхарыстычнай літургіі парафіяльная супольнасць малілася Літанію да Найсвяцейшага Сэрца Езуса перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам і быў зачытаны Акт прысвячэння чалавецтва Сэрцу Езуса. Спачатку гэтую ўрачыстасць адзначалі ў апошнюю нядзелю кастрычніка, нягледзячы на рухомыя святы. Пасля сабору літургічная рэформа перанесла дзень гэтай урачыстасці на заканчэнне літургічнага года — апошнюю нядзелю, якая папярэднічае першай нядзелі Адвэнту. Сваё рашэнне ўстанавіць гэтую ўрачыстасць папа Пій ХІ тлумачыў так: «Ужо здаўна Хрыста паўсюль называлі Каралём — у пераносным значэнні гэтага слова, бо гаворка ішла пра найвышэйшую ступень годнасці, якою Ён апярэджвае ўсе стварэнні. Вось і мы кажам, што Хрыстус валадарыць у розумах людзей не столькі праз глыбіню і ўсеабдымнасць свайго ведання, колькі праз тое, што Ён сам з’яўляецца праўдай, а людзі ад Яго павінны праўду чэрпаць і паслухмяна яе прымаць; кажам таксама, што Хрыстус валадарыць у волі людской, бо толькі ў Ім нескажоная чалавечая воля цалкам і з найвышэйшай паслухмянасцю дапасуецца да найсвяцейшай Божай волі; а таксама таму, што Хрыстус так уплывае сваімі натхненнямі на нашу ўласную волю, што і мы запальваемся да самых высакародных спраў. Зрэшты, мы вызнаем Хрыста Валадаром сэрцаў за Яго “любоў, якая перавышае ўсялякае вучэнне”, і за лагоднасць і ласкавасць, якая прываблівае душу». Езус з’яўляецца каралём таксама паводле свайго цялеснага нараджэння (з роду Давідавага). І хоць Ён сказаў, што «Валадарства Яго не з гэтага свету», аднак сваю рэальную ўладу Ён праяўляе неаднойчы: выганяючы бесаў, уваскрашаючы памерлых, аздараўляючы хворых або калі суцішае буру. Урачыстасць Хрыста Валадара дазваляе хрысціянам ушанаваць Збаўцу і Месію, прызначанага праз вякі быць правадыром і кіраўніком Выбранага народа — новага Ізраэля, Касцёла Хрыстовага. Як і кожнае вялікае свята ў літургічным календары, звязанае з хростам, нагадвае нам пра значэнне нашага хросту і адкуплення праз смерць Збаўцы, так і ўрачыстасць Хрыста Валадара з’яўляецца нагодай усвядоміць, што насамрэч мы не належым да гэтага свету і павінны жыць па іншых законах. Валадарства Божае «сярод нас» рэалізуецца тады, калі мы жывём паводле запаведзяў, якія з’яўляюцца «заканадаўствам» гэтага Валадарства. У гісторыі хрысціянства няма ніводнага ўспаміну пра тое, што недзе камусьці калісьці ўдалося пабудаваць такую дзяржаву, якая была б «Валадарствам Божым на зямлі», затое ёсць нямала прыкладаў пра тое, як абвяшчэнне гэтага нябачнага Валадарства дапамагала людзям у іх канкрэтнай барацьбе. Кожны, хто абараняе сваё права жыць паводле Закону Бога, праз гэта абараняе Валадарства Бога. «Благаслаўлёны той, хто прыходзіць у імя Пана! Благаслаўлёнае валадарства айца нашага Давіда, якое надыходзіць!» (Мк 11, 9–10) — чытаем у Евангеллі. Урачыстасць у літургічным календары нагадвае нам пра рэальнасць гэтага Валадарства, каб мы сярод зямной «даліны слёз» не паддаліся сумненню, што дабро і справядлівасць насамрэч магчымыя. Паводле CREDO |