Свята Святой Сям’і: Езуса, Марыі і Юзафа |
Каляндар |
30.12.2016 05:33 |
Свята Святой Сям’і бярэ пачатак у яслях Хрыста ў Бэтлееме, калі пастушкі і мудрацы прыйшлі пакланіцца Езусу і ўшанаваць Юзафа і Марыю. Святое Пісанне амаль нічога не кажа пра жыццё Святой Сям’і, нам вядома толькі некалькі эпізодаў: нараджэнне Езуса ў Бэтлееме, уцёкі ў Егіпет, знаходжанне Езуса ў святыні. Але і гэтых некалькі аповедаў даюць нам вельмі шмат.
Святая Сям’я ў Бібліі:
Езус згадзіўся стаць слабым і залежным, нарадзіўшыся ў чалавечай сям’і. Але Яго пакора і прыніжэнне не заканчваецца на факце нараджэння. Апісваючы дзяцінства Езуса, евангеліст Лука распавядае, што Пан «быў паслухмяны ім» (пар. Лк 2, 51), хоць быў святы і больш мудры за Марыю і Юзафа. Французскі святы Бернард з Клерво казаў: «Бог, перад якім пакорныя Анёлы, каму падпарадкоўваюцца кіраўнікі, быў пакорны Марыі, і не толькі Марыі, але і Юзафу — дзеля Марыі! Паглядзіце з захапленнем на іх: што для вас больш дзіўна — міласэрная ласка Сына ці годная хвалы заслуга Марыі? (...) Бог падпарадкоўваецца стварэнню — вось дзе непараўнальная пакора; чалавек загадвае Богу — вось дзе непараўнальная веліч!»
Свята Святой Сям’і распавядае не толькі пра сям’ю Езуса, Марыі і Юзафа, але і пра нашыя сем’і. Гэтае свята дапамагае нам убачыць у Святой Сям’і ўзор кожнай сям’і. Праз нараджэнне Езуса само сямейнае жыццё ва ўсіх яе нават самых паўсядзённых праявах асвячанае, а нашыя сем’і становяцца хатнімі Касцёламі: мы разам чытаем Святое Пісанне, молімся, удзельнічаем у святых Імшах і праз сваё адзінства і любоў сведчым пра Хрыста ў самых простых рэчах. Як казаў англійскі паэт Сэм’юэл Тэйлар Колрыдж, хрысціянская сям’я — гэта «сені неба». Таму няма чаму дзівіцца, што сям’ю і сужэнства атакуе вораг чалавецтва. Свята Святой Сям’і паказвае нам прыгажосць сапраўднай сям’і і не дазваляе падмануць сябе тым, што яе замяняе і скажае. Ва ўсім сусвеце паводле міласэрнасці Божай хрысціянская сям’я была ўсталявана і ўзятая пад абарону Касцёлам як самае цудоўнае стварэнне і самае вялікае дабрадзейства для грамадства. Аднак жа і святло, і супакой, і чысціня, і шчасце хрысціянскай сям’і паходзіць з жыцця Езуса, Марыі і Юзафа ў святым доме ў Назарэце.
Святы Павел у пасланні да Каласянаў расказвае пра тое, якой павінна быць хрысціянская сям’я: «Апраніцеся ж як выбранцы Божыя, святыя і ўмілаваныя, у шчырую міласэрнасць, дабрыню, пакору, лагоднасць, доўгацярплівасць, церпячы адно аднаго і даруючы сабе ўзаемна, калі хто на каго мае крыўду; як Пан дараваў вам, так і вы. А па-над усім гэтым апраніцеся ў любоў, якая ёсць повяззю дасканаласці. І няхай валадарыць у сэрцах вашых спакой Хрыстовы, да якога вы пакліканыя ў адным целе. І будзьце ўдзячнымі. Слова Хрыста няхай жыве ў вас ва ўсёй паўнаце, з усёй мудрасцю навучайце і настаўляйце адно аднаго псальмамі, гімнамі і духоўнымі песнямі, з удзячнасцю спяваючы ў сэрцах вашых Богу. І ўсё, што б вы ні рабілі словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Пана Езуса, дзякуючы праз Яго Богу Айцу. Свята Святой Сям’і — цудоўны час памаліцца аб умацаванні ўжо існуючых сем’яў і за будучыя сем’і, каб базаваліся на скале, якою ёсць Хрыстус.
Асаблівая пашана Святой Сям’і пачала праяўляцца ў XVII стагоддзі, калі ўзнікла адразу некалькі манаскіх кангрэгацый з такой жа назвай і мноства асацыяцый, мэтай якіх было асвячэнне хрысціянскіх сем’яў. 26 кастрычніка 1921 года папа Бэнэдыкт XV увёў свята Святой Сям’і ў каляндар лацінскага Касцёла. Цяпер свята адзначаецца ў нядзелю паміж Раством і 1 студзенем. Калі ж урачыстасць Нараджэння Пана прыпадае на нядзелю, то свята Святой Сям’і пераносіцца на 30 снежня. Да 1969 года свята адзначалі ў першую нядзелю пасля Аб’яўлення Пана (Тры Каралі). (VGr) |